Алёна Панамарова: Трэба падтрымліваць палітвязняў



Калі пачалася вайна ва Украіне, беларуская сітуацыя з палітвязнямі быццам бы адышла на другі план. Аднак зняволеныя па-ранейшаму маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе.

Файны спосаб працягнуць руку і праявіць салідарнасць – напісаць ліст. Акцыі, на якой можна тое зрабіць у Варшаве, цяпер ладзяцца што сераду ў Беларускім моладзевым хабе.

Наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з арганізатарам падзеі, мадэратарам ініцыятывы „Напішы ліст палітвязню” Алёнай Панамаровай:

– Ініцыятыва існуе ўжо паўгады. Як яна адбываецца. Я ці мае таварышы рыхтуем такі спіс паводле звестак Dissidentby, абіраем нейкую турму. Па гэтым спісе, мы падпісваем капэрты адразу, каб людзі толькі прыходзілі і напісалі ліст і ўжо ў падпісаную капэрту паклалі гэты ліст і потым адправілі. Каб кожны чалавек, які знаходзіцца ў гэтай турме, атрымаў гэты ліст. Каб гэтыя лісты прыйшлі ўсе разам, там напрыклад адбывае пакаранне 48 чалавек, 48 лістоў лістоў прыйшлі адразу ў гэтую турму, каб людзі, якія там працуюць, таксама бачылі, як нас шмат, як мы падтрымліваем палітвязняў, каб гэта таксама на іх уплывала.

РР: Людзі, якія пішуць лісты, яны могуць атрымаць адказ?

– На жаль не заўсёды гэта магчыма таму, што калі чалавек з Беларусі адпраўляе ліст сюды ў Польшчу, ён мусіць набыць такую марку, якая аплачвае міжнародныя паштовыя адпраўленні. Мы тут не можам набыць такія маркі ў Польшчы, гэта маркі менавіта ў Беларусі павінны набывацца. Таму я заўсёды кажу сваякам палітвязняў, калі ёсць магчымасць, калі яны ведаюць, што палітвязень лістуецца з кімсьці за мяжой, то калі ласка набудзьце гэтую марку, адпраўце чалавеку перадачай ці лістом гэтыя маркі. Яшчэ ёсць такі момант, тыдзень таму да мяне падыходзіў хлопец і казаў, што жонка палітвязня была ў яго на спатканні ён перадаў ёй інфармацыю, што лісты даходзяць, яны іх атрымліваюць, але ім не дазваляюць адказваць за мяжу. Яны іх караюць за гэта, там садзяць у ШІЗА і так далей. Таму мы не спадзяемся на адказ, мы ведаем, што лісты даходзяць. Мы хочам пісаць, мы хочам падтрымліваць людзей там, мы хочам уплываць на людзей, якія гэта чытаюць, хочам быць карыснымі для людзей там. Адказ канешне прыемна атрымліваць, але не заўсёды магчыма ў гэтых абставінах, таму на іх мы не спадзяемся на гэты момант.

РР: Улічваючы сітуацыю і вайну, што варта пісаць палітвязням?

– Палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі, на жаль існуюць у такім інфармацыйным вакуўме. Трэба распавядаць ім навіны, якія адбываюцца ў свеце, але пра гэта трэба пісаць неяк нейтральна. То бок пра вайну ва Украіне людзі там канешне ўжо ведаюць, бо кожны дзень новыя і новыя палітвязні з’яўляюцца, якія былі два тыдні таму на волі, а іх затрымалі. Таму адзін аднаму яны там распавядаюць. Канешне распавядаць навіны трэба, але неяк так акуратна гэта рабіць. Не трэба нейкія свае меркаванні выказваць, можна проста распавесці, што вось адбываецца такая вось сітуацыя зараз. Гэты ліст усё ж такі мусіць дайсці. Кожная сітуацыя не тыповая. Напрыклад, аднаго палітвязня могуць прэсаваць, не даваць яму лісты. Напрыклад, я ведаю, што Міколе Дзядку, проста пры ім там рвуць гэтыя лісты, ён распісваецца за тое, што ён іх як быццам атрымаў. Гэта не значыць, што мы не павінны пісаць, усё роўна трэба падтрымліваць. Для людзей гэта таксама карысна, што яны прыходзяць, збіраюцца, штосьці абмяркоўваюць, пішуць самі, выказваюць свае думкі на паперы. Гэта такі псіхалагічны як быццам трэнінг. Таксама можна маляваць, можна клеіць, можна штосьці там стварыць. Для людзей, якія прыходзяць, думаю гэта таксама карысна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Напісаць жа лісты палітвязням можна кожную сераду па адрасе пляц Канстытуцыі, 6 (Беларускі моладзевы хаб) з 18:00 до 20:00.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя