Амапаўскі карны „каток” у Гародні



Некалькі тысяч чалавек прынялі ўдзел у Маршы адзінства ў Гародні 6 верасня. Дзесяткі дэманстрантаў былі груба затрыманыя амапаўцамі. Пратэстоўцы збіраліся каля буйных гандлёвых цэнтраў і вакзалаў, а адтуль накіроўваліся ў цэнтр.

Многія калоны міліцыя разагнала па шляху, некаторых удзельнікаў затрымалі. Асноўным месцам пратэсту стала Савецкая плошча. Мітынгоўцы трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты «Моцны арэшак», «Хопіць ябатькать Беларусь», «АМАП, спыніся», спявалі пратэстныя песні, скандавалі «Жыве Беларусь!». На плошчу некалькі разоў прыходзілі, а затым сыходзілі дзясяткі амапаўцаў, але нікога не затрымлівалі.

Затым каля трох тысяч чалавек накіраваліся калонай па праезнай частцы ў бок ізалятара, куды адвезлі першых затрыманых. Калі калона праходзіла па спальных раёнах Вішнявец, каля ўніверсама «Брэст» ёй насустрач выбегла каля сотні супрацоўнікаў АМАП. Дзясяткі пратэстоўцаў жорстка затрымалі, іх білі дубінкамі, нагамі, цягнулі па зямлі і пускалі газ. Затрымлівалі хлопцаў, дзяўчат, а таксама непаўнагадовых.

Затрыманнямі кіравалі намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама Віталь Стасюкевіч і начальнік гарадзенскага АМАПа Віктар Краўцэвіч.

Беларускае Радыё Рацыя