Амбасада Швецыі ў Менску арганізавала „гаражны” распродаж



Дабрачынны „гаражны” распродаж арганізавала амбасада Швецыі ў Менску.

Іншыя назвы такога мерапрыемства — “блышыны рынак”, што па-шведску гучыць як “лопіс”, бо слова ‘’loppa’’ перакладаецца як “блыха”.

У сучаснай Швецыі такое вельмі папулярна, кажа амбасадарка Крысціна Юханнэсан:

– Цяпер гэта практычна ў любым горадзе рэгулярна адбываецца. І мы бачым, што гэта робіцца ўсё больш папулярным. Асабліва сярод моладзі. Бо моладзь сёння вельмі хвалюе пытанне пра ўстойлівае развіццё, як мы наогул жывём на гэтай планеце і што будзе далей. Гэта вельмі пазітыўна. І мы сёння вырашылі злучыць два пытанні – па-першае, пагаварыць пра тое, што можна рэчам даць другое жыццё, і другое, што мы гэта робім з дабрачыннымі мэтамі.

Усе заробленыя падчас распродажу грошы, а таксама рэчы, якія засталіся, будуць адданыя дабрачыннаму праекту “Калі ласка”, ідэя якога — “ператварыць добрыя, але непатрэбныя адным людзям рэчы, у карысныя і патрэбныя для іншых людзей”.

Беларускі праект “Калі ласка” і шведскія лопісы падобныя тым, што маюць экалагічныя мэты, бо прапагандуюць ідэю паўторнага выкарыстання рэчаў і скарачэння празмернага спажывання. Гэтая ідэя пранікае і ў сучасную канцэпцыю моды, таму ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай палаты моды, дызайнеры і выкладчыкі дызайну, а яго студэнты прадэманстравалі экалагічны паказ адзення.

Кася Манюк, Беларускае Радыё Рацыя