Амбасада Вялікабрытаніі падаравала Менску вайсковы мундзір



Брытанскія вайскоўцы, што служаць пры амбасадзе, урачыста перадалі Музею Вялікай Айчыннай вайны арыгінальны мундзір і рыштунак шараговага 1-га батальёна Каралеўскіх ірландскіх фузілераў. Важна памятаць, што ў той жа ўніформе супраць нацыстаў змагаліся і беларускія андэрсаўцы з Другога польскага корпуса. Гутарка ідзе пра былых польскіх грамадзян, якія ў 1939-1941 гг. аказаліся ў савецкім ГУЛАГу, а потым, пасля падпісання дамовы Сікорскі-Майскі, трапілі ў Армію Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічалі ў вызваленні Італіі ад нацыстаў.

Пра гэтыя акалічнасці брытанцам распавёў вядомы беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, які прынёс на ўрачыстасць арыгінальныя здымкі беларускіх андэрсаўцаў, а таксама іх узнагароды і нашыўкі жаўнера 5-й крэсавай дывізіі Другога польскага корпуса.

У гэтай уніформе, у гэтай касцы, змагаліся з нацыстамі не толькі брытанцы, але ў тым ліку і беларусы. Мяне таксама здзівіла тое, што брытанскія вайскоўцы былі ўражаныя маёй калекцыяй і маімі матэрыяламі, якія я паказаў ім. Там былі арыгінальныя здымкі. Для іх гэта было і кранальна, і цікава. Яны ўпершыню звярнулі на гэта ўвагу. Для іх гэта сапраўды была даволі цікавая навіна, цікавая інфармацыя, што тут, у Беларусі, гэты момант гісторыі брытанскага войска таксама даследуюць. Хоць гэта было польскае войска, брытанскае войска, але ў тым ліку і беларускае.

Падчас размовы брытанскіх вайскоўцаў і беларускага даследчыка шматкроць гучала «эмэйзінг!» — «неверагодна!», прадстаўнікі Каралеўскай арміі не думалі, што іх падарунак настолькі можа быць блізкім Беларусі.

Вось што распавёў Рацыі камандзір батальёну Другога Каралеўскага Ірландскага палка, падпалкоўнік Пол Уорклі:

Для мяне гэта быў вельмі цікавы досвед і адкрыццё наконт укладу польскіх і беларускіх жаўнераў у справу перамогі. Калі я вярнуся ў Вялікабрытанію, дык буду гаварыць з прадстаўнікамі нашых музеяў наконт супрацы з беларускім гісторыкам Ігарам Мельнікавым. Тое, што я даведаўся і пабачыў, гэта фантастыка.

Увечары 15 чэрвеня падчас урачыстага прыёму ў Менску з нагоды Дня нараджэння Каралевы Вялікабрытаніі Елізаветы II, Амбасадар Вялікабрытаніі Фіёна Гіб у сваёй прамове нагадала пра вялікую важнасць захавання пра подзвіг жаўнераў Другога польскага корпуса з Беларусі і ўсіх беларускіх жаўнераў Польскіх узброеных сіл на Захадзе.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя