Амбасадар Швецыі з афіцыйным візітам наведвае Берасцейшчыну



Адзін дзень Марцін Оберг правёў у Пінску, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам горада і студэнтамі Палескага ўніверсітэта.

7 і 8 лютага візіт працягваецца ў абласным цэнтры. У насычанай праграме вылучаецца семінар “SimbioCity”, прысвечаны пытанням разумных гарадоў і зялёнай эканомікі. Амбасада запрасіла на семінар шведскіх адмыслоўцаў, таму што, як зазначае сам Марцін Оберг, з беларускага боку адчуваецца зацікаўленне ў перадавых горадабудаўнічых тэхналогіях.

– Мы з мінпрыродай над гэтым працавалі недзе год. Па ініцыятыве беларускага боку. Яны да нас прыехалі і сказалі, мы даведаліся пра вашую канцэпцыю “SimbioCity”, прыязджайце і раскажыце яшчэ ў Берасці, бо, наколькі я разумею, Берасце першым сказала: так, так, гэта нас цікавіць, запрашаем да нас. Ёсць сапраўднае зацікаўленне.

Марцін Оберг таксама наведаў некаторыя берасцейскія прадпрыемствы і навучальныя ўстановы, а ў кінатэатры “Беларусь” адкрыў выставу шведска-беларускай карыкатуры “Сам-насам з кліматам”.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя