“Амерыканцы былі добрыя людзі”



Палеская жанчына пра сваё остарбайтэрскае мінулае.

Ніне Кабаковіч 90 год. Яна жыве ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна. Некалі з гэтай вёскі немцы вывезлі на прымусовыя працы ў Германію шмат людзей – па двое і трое юнакоў з сям’і, але цяпер жывым сведкам таго гістарычнага перамяшчэння засталася толькі адна Ніна.

Жаночы Бухенвальд

Па словах Ніны Кабаковіч, яна нарадзілася, вырасла ў Гутаве, свет праехала, і зноў апынулася ў Гутаве. Цяпер мы б толькі ўсміхнуліся, калі нехта назваў бы вандроўку ў Нямеччыну кругласветным падарожжам. Але ў 40-я гады мінулага стагоддзя, калі далёка не кожны маладзён мець нагоду і магчымасць паехаць хоць бы ў Менск, нямецкі Бухенвальд і напраўду здаваўся канцавой кропкай сусвету. Праўда, пра Бухенвальд Ніна толькі чула, сама ж яна разам з яшчэ трыма гутаўскімі сяброўкамі апынулася ў жаночым філіяле знакамітага канцэнтрацыйнага лагера, які знаходзіўся ў гарадку Зёмэрда (Sömmerda).

‒ Нас направылы в Сомэрду, завод “Mittelbau”. Зразу як нас но завызлэ, то мэ ходэлы на буракы, то госынню. А после, як вэбралы буракы, нас руспрыдылелы у лагер. То мэ так плакалы – мэ ж думалы, мы нэгды ны пубачімось, но мэ на ночь схудэлыся всі у байрак.

Такім чынам, пасля звычнай працы на полі пачалася нязвычная на ваенным заводзе. Спачатку Ніну прыставілі ў дапамогу да нямецкай работніцы, пасля яны з немкай пачалі працаваць пазменна. Завод працаваў без выходных, не прадугледжваліся вольныя дні і для работніц. За гэтую нявольніцкую працу нешта плацілі, але за грошы ў ваеннай Германіі можна было купіць не шмат нават самім немцам, не кажучы ўжо пра остарбайтараў. Таму Ніна Кабаковіч дагэтуль шкадуе: навошта ж яна хавала тыя грошы, калі за іх усё адно можна было купіць адно гароху і цыбульных стручкоў? На яе цяперашні розум маркі трэба было аддаць беднай нямецкай каляжанцы, што часам падкормлівала яе шмальцаваным хлебам. Немка б за тое прыносіла ёй яшчэ нейкай простай ежы. Бо пракарміцца толькі тым, што давалі ў лагеры, было цяжка:

‒ Хай біг крэе! Шоб нам там дале картопля чі бурака ўволю! Пу сахарны буракы худэлы на жэлезну дурогу, там вунэ чугось стуялы. Ну як бэ йіх далій збыралыся удвозыты. То мэ вырывалыся і худэлы. Але там ныміць худэв з какардую. То як бы вжэ злувэв, то зразу був бы кунцлагер. Зразу!

Толькі па нядзелях мізэрны паёк крыху павялічваўся. Удзень, напрыклад, тады давалі ажно пяць вараных нячышчаных бульбін, “лушпайців, як мэ кажымо”.

Таварыскасць

Колькі Ніне было год, калі яе забралі, яна не ведае. “Мо 16, мо 17”. Толькі памятае, што забралі апошнім наборам. У такім узросце моладзь яшчэ лёгка сыходзіцца, збіваецца ў кампаніі, асабліва на чужыне, дзе так важна адзін аднаго падтрымліваць. Гутаўскіх дзяўчат пасялілі ў барак з іншымі паляшучкамі, таму ў побыце ім было збольшага камфортна.

Жанчына распавядае, як аднойчы яны ледзь не нарваліся на ахову чыгункі, калі хадзілі красці буракі. Каб хутка збегчы, прыйшлося па дарозе скінуць з ног драўляныя “шугі”. Справа была пад Каляды, і адна з дзяўчын, дабегшы да барака, завяла імправізаваную песню: “Ах, коб тэ, мамочко, знала, Шо я взыму боса бігаю”… Дзяўчына плача, а разам з ёю увесь барак, бо лёс ва ўсіх падобны. І такія калектыўныя сеансы плачу праходзілі часта, з розных нагод:

‒ Начнэм плакаты, а з другуго байрака нам в стыну стукают: чюго плачімо, чюго і йіх русстраюйім? А мэ, знайітэ, всі свуйі. Шо кому хто напэшэ, в куго хто вмэр – удна плаче, і всі плачют. Бо тож всі свуйі. Так на нас всё крычелі: “Мэ вас рузлучімо, мэ вас ду рускіх девок пу удный пурускідайім.

Але, на шчасце, не параскідалі. І рэшту вайны, і пачатак міру палескія дзеўкі правялі разам.

Сувязь з домам

Яшчэ калі Ніна Кабаковіч была дома, на працы ў Нямеччыну забралі яе старэйшую сястру. Іх маці не ведала з той нагоды суцяшэння, думала, што правяла дачку назаўсёды. Тады Ніна вырашыла: калі забяруць яе таксама, яна ніколі не напіша ў лісце дадому, што ёй кепска. Ці дазвалялі ім пісаць у Беларусь? Так.

‒ Фельдпосты худэлы. Пісьма не. А фельдпост, він такей… бы коновэрт згорняный, коб моглы, хто хочь, чітаты.

У такім адкрытым лісце не моцна паскардзішся, калі б і хацеў – аналагічна, як у лістах з савецкага фронту. Але і не адно ліставанне было падтрымкай з дому. У Гутаве якраз стаяў з вайсковай часткай немец з Зёмэрды, з якім нейкім чынам пазнаёміліся Нініны родныя. На адрас яго сям’і яны зрэдчас адпраўлялі сухары ды крупы, а тыя перадавалі іх дзяўчыне. Бо пераслаць наўпрост у лагер было нельга.

Дарэчы, пра немцаў. На пытанне, ці крыўдзілі тыя славянскіх дзяўчат, Ніна Кабаковіч адказвае адназначна – не, не дазваляла вайсковая дысцыпліна. Куды горш за немцаў да нашых дзяўчат ставіліся савецкія вайскоўцы, у чыіх вачах нявольныя работніцы аўтаматычна станавіліся нямецкімі каханкамі. Адносіны да іх былі адпаведнымі. Вельмі часта вызваляльнікі ўжывалі да сваіх суайчынніц гвалт не толькі маральны.

Добразычлівыя амерыканцы

Пра гэта, як і масавыя гвалтаванні немак, Ніна пасля даведалася, таму і падкрэслівае: Зёмэрду вызвалялі амерыканцы, і палонным не было на што наракаць.

‒ Вжэ мэ пры амэрыканьцях ны бачілы бэды, так, ек займалі нашы. Нашы всё крычелі, вітэ буле з нымцямы. Но нас займалі амэрыканьці. Вунэ хурошы люды буле. Вунэ ду нас і ввэчуры худэлы.

Так у бараку з 14 палескімі дзяўчатамі сталі праводзіцца сапраўдныя вячоркі. Нехта з Джорджаў і Тэмпаў (такія імёны запомніла паляшучка) ведаў рускую мову, нехта польскую, а нехта граў на губным гармоніку. Пад гэтую няхітрую музыку вайскоўцы танцавалі з дзяўчатамі. Канец вайны адсвяткавалі таксама разам. Салдаты прыйшлі з бутэлькай віна, і першымі выпілі з гэтай бутэлькі, каб дзеўкі не баяліся падману. Пасля нават гралі ў “Бутэлечку” – праўда, не ўсе дзяўчаты пагаджаліся цалавацца з амерыканскімі хлопцамі, як са смехам прызнаецца Ніна Кабаковіч.

Несумненна, амерыканцы, зрабілі на беларускіх дзяўчат добрае ўражанне, якое толькі ўзмацнілася пасля перадачы савецкіх грамадзян роднай дзяржаве. Занадта вялікім быў кантраст.

Адпрацаваць віну

Дзяўчаты вельмі радаваліся, што нарэшце апынуліся дома, на што далёка не кожны спадзяваўся, калі з’язджаў. Але Саветы ўмелі ахаладзіць радасць: “вунэ за нас – і куго кудэ”. Добра, што “каго куды” значыла не новыя лагеры і турмы, а больш лёгкі варыянт перавыхавання – чарговыя прымусовыя працы. Дзяўчат размяркоўвалі туды, дзе патрабаваліся рабочыя рукі. Ніну Кабаковіч адправілі пасвіць кароў у нарыхтоўчую кантору. Гэта было досыць прыніжальным заняткам для маладой дзеўкі, тым больш яна не адчувала сябе ў чымсьці вінаватай.

‒ Бэ то мэ самы пуйіхалы!

Калісьці былыя вязні вайны мелі ільготы нароўні з удзельнікамі вайны, у тым ліку транспартныя. Ніна Кабаковіч магла бясплатна ездзіць па раёне, а раз у два гады выпісваць білет у міжнародных кірунках. Пасля ільготы адмянілі, бо вязні пачалі вызнавацца толькі ахвярамі вайны. Праз падобную працэдуру прайшлі ў нас ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якія сталі толькі пацярпелымі.

І на заканчэнне пра палескую дзелавітасць. Ніна Кабаковіч, пабачыўшы, што я яе здымаю, не казала, што не варта, бо яна старая і непрыгожая, як часта кажуць нашыя бабулі. Наадварот, яна папрасіла выбраць удалы здымак і прыслаць ёй. На помнік. Адмовіць 90-гадовай праз увесь свет падарожніцы было, як вы разумееце, немагчыма.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі аўтаркі