Amnesty International патрабуе спыніць ціск на Гарадзенскі дзіцячы хоспіс



Amnesty International абвясціла глабальную акцыю тэрміновай дапамогі Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу і яго дырэктарцы.

Нагадаем, Вольга Вялічка падвергнулася пераследу з боку ўладаў краіны за тое, што выступала ў якасці незалежнага назіральніка падчас жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і за адкрытую крытыку ўрада. Хоспіс, які аказвае жыццёва важную дапамогу невылечна хворым дзецям, цяпер пад пагрозай закрыцця з-за пераследу ў дачыненні да яго дырэктара.

Дзявятага верасня Вольга Вялічка была затрыманая на вулічным мерапрыемстве па зборы сродкаў на дабрачыннасць і правяла пад вартай 24 гадзіны. Неўзабаве пасля гэтага прадстаўнікі школы, дзе вучыцца яе 14-гадовы сын, выклікалі Вольгу Вялічку на сустрэчу ў сувязі з асцярогамі з нагоды „сямейнага дабрабыту” і „хатняга атачэння” яе сына. Пятнаццатага кастрычніка Вольга Вялічка была аштрафаваная за ўдзел у дабрачыннай акцыі паводле ч 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.

З верасня дзіцячы хоспіс, дырэктарам якога з’яўляецца Вольга Вялічка, таксама стаў аб’ектам пераследу з боку ўладаў. Хоспіс паспяхова працуе і выконвае свае фінансавыя абавязацельствы з 2008 года, у сакавіку 2020 года ён прайшоў фінансавы аўдыт. У цяперашні час дзейнасць хоспіса спыненая ў двух з трох памяшканняў, якія ён выкарыстоўвае. З 29 верасня супрацоўнікам хоспіса забаронена ўваходзіць у памяшканні дзяржаўнай фабрыкі, дзе яны арандавалі памяшканні для працы валанцёрскага цэнтра. Па сёння персанал хоспіса не мае магчымасці забраць маёмасць хоспіса з будынка фабрыкі, у тым ліку важнае медыцынскае абсталяванне і дакументацыю. Дваццаць другога кастрычніка дзяржаўная Дзіцячая бальніца № 2 нечакана папярэдзіла Вольгу Вялічку аб скасаванні дагавора арэнды шэрагу памяшканняў, якія хоспіс выкарыстаў для догляду за дзецьмі.

У той жа дзень кіраўніцтва хоспіса наведалі прадстаўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў, якія канфіскавалі ноўтбук і дакументацыю хоспіса, пасля чаго ў дачыненні да Вольгі Вялічкі быў пачата расследаванне па падазрэнні ў махлярстве.

Amnesty International заклікае неадкладна спыніць ціск на Вольгу Вялічку і Гродзенскі дзіцячы хоспіс. Арганізацыя заклікае ўсіх сваіх прыхільнікаў накіроўваць звароты з гэтым патрабаваннем на адрас старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміру Караніку.

novychas.by