Анархіст Дзмітрый Паліенка арыштаваны на 15 сутак



8 ліпеня суд Першамайскага раёна сталіцы асудзіў анархіста Дзмітрыя Паліенку на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Паліенка абвінавачаны па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Прычынай прыцягнення да адказнасці стала фота з рондалем, якое ён выклаў у сацыяльных сетках.

Сам Паліенка на судзе сцвярджаў, што міліцыя не азнаёміла яго з матэрыяламі справы і не патлумачыла сутнасць правапарушэння. На гэта ён разам з адвакатам падаў скаргу. У выніку суддзя Анастасія Ляйкоўская накіравала пратакол на дапрацоўку.

Дапрацоўка, паводле інфармацыі праваабаронцаў, адбылася проста ў будынку суда падчас перапынку. „Міліцыянеры заблакавалі ў калідоры суда ўсіх прысутных: Паліенку, яго адваката і слухачоў, каб ніхто не мог выйсці. І вельмі хутка перапісалі пратакол. Зараз у ім напісана тое, што Дзмітрый размясціў заклік у сацыяльных сетках да флэшмобу, а менавіта 23 чэрвеня заклікаў выходзіць увечары на балкон і грымець рондалямі. Пасля гэтага ўсіх загналі назад у судовую залу”, — паведамляе spring96.org.

Пасля перапынку абвінавачваны зноў не пагадзіўся з пратаколам і адмовіўся далей удзельнічаць у судовым пасяджэнні. Ён пайшоў да дзвярэй, але ў калідоры яго затрымалі супрацоўнікі АМАПа. Паліенку зацягнулі ў міліцэйскую машыну і павезлі ў невядомым кірунку. Праз паўгадзіны яго прывезлі назад у суд. Актывіст паведаміў, што амапаўцы яго збілі.

Пасяджэнне працягнулася, сведкам выступіў супрацоўнік Першамайскага РУУС Іван Квачан, які „нібыта ўбачыў пост на старонцы Паліенкі з заклікам да ўдзелу ў флэшмобе”. Суддзя абвясціла перапынак для прыняцця рашэння.

Падчас перапынку Паліенка паведаміў праваабаронцам, што яго вазілі ў Маскоўскае РУУС і апыталі ў межах крымінальнай справы аб абразе супрацоўніка міліцыі. Позву з’явіцца на апытанне раніцай 8 ліпеня ўручылі яго жонцы Анастасіі.

Пасля перапынку суддзя Ляйкоўская вынесла рашэнне — 15 сутак арышту.

Варта зазначыць, што цяпер Паліенка адбывае пакаранне па прыгаворы суда. 25 кастрычніка 2019 года Менгарсуд прызнаў яго вінаватым у „асабліва злосным хуліганстве” (ч. 3 арт. 339 КК) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Па амністыі 2019 года пакаранне скарацілася на год. Паліенку таксама прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму. 14 лютага гэтага года Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.

Улады пераследуюць Паліенку ўжо больш за чатыры гады. Першы раз ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. Актывіста абвінавацілі ў „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” за тое, што парваў куртку міліцыянеру. Беларускія праваабаронцы тады прызналі Паліенку палітвязнем. Пасля анархіста затрымлівалі ў кастрычніку 2018-га і ў сакавіку 2019 года.

belapan.by