Анархіста Дзяніса Мароза арыштавалі на 15 сутак



У  Бярозаўскім раённым судзе 15 суткамі арышту пакараны 26-гадовы анархіст Дзяніс Мароз з Белаазёрску. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве паўторна і непадпарадкаванні міліцыі.

Хаця доказная база была супярэчлівай. На відэа, якое прадставіў участковы Белаазёрскага аддзялення міліцыі  Мікалай Вайтовіч, не было таго, што напісана ў пратаколе і сцвярджаў  сведка Вайтовіч, кажа мама Дзяніса Мароза:

– Сведка Вайтовіч нахабна хлусіў суду. Зафіксавана пісьмова і таксама на судзе ён пацвердзіў, што яны падышлі, назвалі сябе, папрасілі майго сына прыбраць сцяг і сысці. Нічога гэтага не было. Яны падышлі з двух бакоў і цягам адной секунды схапілі яго пад рукі: малады чалавек, пройдзем. Нічога не патлумачылі. Гэта дакладана відаць на запісе, які гэты ж сведка і даў.

Дзяніс жыве ў Менску, але на выходныя прыехаў да бацькоў у Белаазёрск. 8 лістапада выйшаў на вуліцу з чорным сцягам, мама трымала бел-чырвона-белы парасон. На плошчы яго адразу скруцілі чацвёра міліцыянтаў, кінулі  ў аўтамабіль і завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС.

Дзяніс Мароз ужо двойчы быў пакараны за ўдзел у акцыях. Адзін раз яго пакаралі штрафам 20 базавых, а другі – 12 суткамі арышту.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Суддзя Кавалевіч Дзмітрый

Беларускае Радыё Рацыя