Анатоль Лябедзька: Мяркуем стварыць грамадскую прыёмную



Стварыць грамадскую прыёмную – такую ініцыятыву агучыла Аб’яднаная грамадзянская партыя. Паводле старшыні партыі Анатоля Лябедзькі, гэта будзе прыёмная не толькі для выбаршчыкаў з акругі сябра іх партыі, дэпутаткі Парламенту Ганны Канапацкай. “Ставіцца задача арганізаваць агульна-беларускую дыскусію па найбольш актуальных пытаннях і праблемах краіны, з удзелам спецыялістаў, экспертаў, неабыякавых людзей”, –  распавёў палітык:

– Выглядае гэта так. Напрыклад, у студзені мы агучваем тэму, хутчэй за ўсё гэта экалагічная праблема – гэта ўсё што звязана з ушчыльненнем, чыстай вадой, атамнай станцыяй і г.д. Прызначаецца дзень і час, хутчэй за ўсё гэта выходны дзень, каб быць абсалютна зручным. Любы грамадзянін, прадстаўнік любой грамадскай ініцыятывы могуць прыйсці на гэтую сустрэчу ў грамадскую прыёмную, выкласці свае нейкія ідэі і прапановы – што можна зрабіць і як можна зрабіць.

Прыём будзе весці сама Ганна Канапацкая ды яе калегі. Пазней плануецца агучаныя ідэі пераўтварыць у заканадаўчыя ініцыятывы. Бліжыйшыя тэмы для абмеркавання – экалогія, жыллёва-камунальны комплекс, а таксама ахова здароўя. Усяго такім чынам плануецца распрацаваць 12 актуальных тэмаў на працягу году.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя