Анатоль Лябедзька: Тэлеканал “Еўраньюс” падвяла назва
Палітык Анатоль Лябедзька пракаментаваў закрыццё ў Беларусі тэлеканала “Еўраньюс”.
Нагадаем, што вяшчанне тэлеканала Euronews спынілася ў Беларусі 12 красавіка. Замест яго пачаў вяшчаць расейскі тэлеканал “Перамога” – тэлепраграма пра Вялікую Айчынную вайну.
Анатоль Лябедзька: Мне падаецца, што ў гэтай сітуацыі тэлеканал “Еўраньюс” падвяла назва, бо зараз усё, што звязана з Еўропай успрымаецца беларускім рэжымам, як негатыў.
Трэба ж рабіць нешта ў адказ на тыя ініцыятывы, якія ідуць з Захаду. І гэта пры тым, што ёсць абмежаванасць дзеянняў і магчымасцей.
Як, напрыклад, можна супрацьдзейнічаць Еўразвязу? Набор даволі невялікі, нават калі казаць пра нейкія зваротныя санкцыі. Таму ўказанне адказаць Захаду было, але чыноўнікі не вельмі добра ведаюць, як гэта зрабіць, бо можна, як кажуць, стрэліць сабе ў нагу.
Таму шукаюць нейкія захады ў адказ, каб у інфармацыйнай прасторы можна было заявіць: вось і вам – атрымайце!
РР: Таму, на ваш погляд, тэлеканал “Еўраньюс” і патрапіў пад рэпрэсіі падчас гэтых палітычных гульняў?
Анатоль Лябедзька: Не выключана, хаця спыненне вяшчання гэтага тэлеканала – больш сімвалічны крок. Ён моцна не ўплывае на суадносіны беларускай прапаганды і контрпрапаганды.
Сёння большасць беларусаў бяруць інфармацыю з Інтэрнэту, а там яе пакуль дастаткова і без тэлеканала.
Паўтаруся, сітуацыя з “Еўраньюс” – гэта такі адказ Бруселю, указанне на тое, што беларускі рэжым таксама будзе знаходзіць нейкія інструменты, каб адказваць на заходнія санкцыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
