Анатоль Мышкевіч: Плату за інтэрнаты зменшылі часова



Кіраўнік грамадскай ініцыятывы “Гародня” Анатоль Мышкевіч лічыць, што жыхарам інтэрнатаў у горадзе ўдалося перамагчы так званую “сістэму”.

Асноўнымі праблемамі жыхароў было тое, што дзяржава брала плату з інтэрнатаў у некалькі разоў болей:

– Людзі павінны былі плаціць за інтэрнат як за арэнднае жыллё. Проста тыя сумы, пра якія ім казалі, што яны налічваюцца па вышэйшаму каэфіцыенту, ім казалася, што нібыта ўсё гэта робіцца на іх карысць, што будуць за гэтыя сродкі затым рабіць рамонты. Але людзі ўжо стаміліся ад гэтых падманаў. Яны плацілі 30 гадоў за капітальны рамонт, але так ніхто нічога і не рабіў. І нарэшце людзі вырашылі з гэтым змагацца, каб зменшыць гэтую плату.

Анатоль Мышкевіч лічыць, што вялікі ўнёсак у змену коштаў унесла праца гарадзенскіх журналістаў:

– Дзякуючы журналістам усе пабачылі, у якіх цяжкіх умовах жывуць людзі… Але я лічу, што людзі зрабілі вялікую памылку, што яны пагадзіліся проста на мінімальны каэфіцыент, не настойвалі, каб гэтую плату зрабілі фіксаванай, а пагадзіліся на гэты мінімальны каэфіцыент. На гэты момант людзі пачалі атрымліваць новыя жыроўкі, і ў гэтых жыроўках – 2 – 3 рублі, маленькія зусім лічбы. Але я ўпэўнены ў тым, што гэтыя лічбы пасля новага года павялічацца ў 2 разы, праз год – яшчэ ў два разы. І ў выніку атрымаем тыя ж лічбы, супраць якіх людзі змагаліся.

Грамадскі актывіст упэўнены, што каб працягваць барацьбу у інтэрнатах  – трэба ствараць мясцовае самакіраванне, і толькі з дапамогай рады жыхароў магчыма нешта змяніць у далейшым жыцці гарадзенцаў, якія пражываюць у інтэрнатах.

Беларускае Радыё Рацыя