Анатоль Паўлаў: Ад размеркавання трэба адмаўляцца



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў распавядае пра тое, што павінна даць дзяржава выпускнікам ВНУ узамен прымусовага размеркавання.

Як стала вядома Савет міністраў зацвердзіў змены ў пастанову № 998, згодна з якімі выпускнікам вучэбных устаноў, якія адмаўляюцца ад размеркавання, не прыйдзецца выплочваць выдаткі на сацыяльную падтрымку – стыпендыі, бясплатнае харчаванне, утрыманне інтэрнатаў.

Анатоль Паўлаў: На мой погляд, ад размеркавання наогул трэба адмаўляцца. У дзяржавы ёсць шмат эканамічных рычагоў, якія могуць стымуляваць выпускнікоў паехаць працаваць туды, дзе ёсць у іх патрэба – у асноўным у вёскі. А, калі першапачаткова кажуць, што, маўляў, дзяржава цябе вывучыла, а значыцца ты абавязаны ёй нешта заплаціць, то гэта вельмі няправільна. Не дзяржава вывучыла маладога чалавека, а яго ўласныя бацькі, дзядулі і бабулі, якія плацілі падаткі. Ідуць жа падаткі на так званую бясплатную медыцыну, адукацыю…

РР: Ці апраўдвае сябе сістэма размеркавання выпускнікоў?

Анатоль Паўлаў: Безумоўна, не апраўдвае, бо пераважна па размеркаванні едуць тыя, хто не можа адкупіцца ад яго, альбо не маюць сувязяў. А хто не хоча ехаць у глыбінку, той знаходзіць выхад. Дзяўчаты замуж выходзяць за мінчан, яшчэ нешта прыдумваць… Але ж праблема нават не ў гэтых маладых людзях, якія баяцца працы ў вёсках. Вы спачатку займіцеся рэфармаваннем вясковых школаў.

РР: Што б вы ў гэтым накірунку прапанавалі?

Анатоль Паўлаў: Па-першае, зрабіце вясковаму настаўніку заробак з каэфіцыентам 2. Забяспечце адразу маладога спецыяліста жыллём, інфрастуктурай… Ёсць і іншы шлях. У нас у краіне хапае высокакваліфікаваных настаўнікаў, з вялікім вопытам, якія выйшлі на пенсію, але яшчэ могуць працаваць. Іх таксама можна запрашаць у вясковыя школы, калі не хапае кадраў. Дайце ім заробак, не вылічвайце адсоткі з пенсіі і наадварот – павялічце пенсію, калі чалавек адпрацуе, скажам, тры гады ў глыбінцы.  І знойдуцца людзі, якія паедуць у вёску. Тут трэба не камандна-адміністратыўнымі метадамі працаваць, а мазгамі. Нават пры Саюзе многія ехалі працаваць на Поўнач, бо там быў каэфіцыент 3. Адным словам, хапае магымасцей, каб вырашыць кадравую праблему. Але для гэтага трэба не прымушаць кагосьці, а знайсці крэатыўны падыход.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя