Анатоль Шумчанка: У дачыненні да маёй сям’і ўчынена правакацыя сепаратыстаў (абноўлена)



„У дачыненні да маёй сям’і ўчынена палітычная правакацыя сепаратыстаў з Данбаса”, — паведаміў старшыня РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Лідар грамадскага аб’яднаня прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка напісаў заяву ў міліцыю з нагоды правакацыі, якую ўчынілі прыхільнікі непрызнанай Луганскай народнай рэспублікі. Паводле слоў Шумчанкі, раніцай 10 лютага яму патэлефанавалі суседзі і сказалі, што на прыпаркаваным у двары аўтамабілі яго жонкі хтосьці чырвонай фарбай напісаў лозунг: „ЛНР сіла”. Таксама пад шчоткі лабавога шкла паклалі копіі долараў ЗША.

– Для Беларусі такі выпадак у навіну. Як пішуць мне людзі: „Вось і дакацілася да нас рэха канфлікту ва Украіне”. Гэта пытанне прынцыповае. Такія сепаратысцкія выхадкі заўсёды пачынаюцца з малога. Спачатку расфарбавалі аўтамабіль, пасля падпаляць… З пункту гледжання закона шкоды там вялікай няма, я ўжо ўсю фарбу змыў. Цяжка сказаць, па якім шляху гэта пойдзе. Магчыма, паспрабуюць знайсці вінаватага. 

 

Лідар „Перспектывы”, паведаміў, што месяц таму да яго звярталася „нейкая арганізацыя прадпрымальнікаў з ЛНР, якая прасіла ім дапамагчы”. Шумчанка перакананы, што правакацыя з машынай накіравана перш за ўсё супраць яго, і звязана гэта з яго „актыўнай пазіцыяй у дачыненні да цэласнасці Украіны”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Шумчанка выклікаў міліцыю і цяпер чакае прыезду спецыялістаў крымінальнага вышуку.

Лідар „Перспектывы” паведаміў, што месяц таму да яго звярталася „нейкая арганізацыя прадпрымальнікаў з ЛНР, якая прасіла дапамагчы ім”. „Я ім адказаў, што мы гатовыя супрацоўнічаць з прадпрымальнікамі Украіны, а што такое ЛНР — я не ведаю”, — расказаў ён.

Шумчанка перакананы, што правакацыя з машынай накіравана перш за ўсё супраць яго і звязана гэта з яго „актыўнай пазіцыяй у дачыненні да цэласнасці Украіны”. „Гэтым учынкам сепаратысты захацелі выказаць сваё стаўленне да гэтай маёй пазіцыі”, — дадаў ён.

„Гэта, адназначна, правакацыйная аперацыя правакацыйнай групы, якая мае сепаратысцкія перакананні. Яны ўжо існуюць у Беларусі і пачынаюць зводзіць рахункі з тымі, хто мае іншую пазіцыю. Яны сёння фарбай напісалі, а заўтра могуць і падкласці што-небудзь. Гэта небяспечная з’ява”, — падкрэсліў лідар „Перспектывы”.

Ён спадзяецца, што міліцыя і органы правапарадку „вельмі сур’ёзна паставяцца да гэтага інцыдэнту”. „Тут не толькі хуліганства, але яўна палітычны падтэкст сепаратысцкага толку. Дзеянне, якое ўчыніла адна асоба або група асоб, відавочна мае арганізацыйны момант. Гэта відавочна палітычная акцыя”, — перакананы Анатоль Шумчанка.

БелаПАН