Анатоль Ваткевіч: Адміністрацыя пінскага ізалятара пагоршыла ўмовы ўтрымання



У Пінску пасля пятнаццаці сутак на волю выйшаў адзін з лідараў мясцовых пратэстоўцаў Анатоль Ваткевіч. Яго пакаралі адміністратыўным арыштам за шпацыр 18-га кастрычніка па пешаходнай вуліцы ў гістарычным цэнтры. У той дзень ён проста гуляў у атачэнні сяброў і паплечнікаў.

Ваткевіч распавёў, што адміністрацыя ізалятара падзяліла зняволеных на “палітычных” і “побытавых дэбашыраў”:

 – Крыху прасцей, бо ўжо ведаеш, што і як, ужо „бывалы”. Навінкі ёсць з боку начальніка Каравякоўскага (кіраўнік Пінскага ГАУСа. – Кар.). Была спроба нас падзяліць у плане палітычным. Забіралі матрацы, але напраўду, не ведаю навошта гэта рабілася. Яны хацелі ўпарадкаваць сваю працу, але атрымалася наадварот. 

Адміністрацыя пінскага ізалятара пагоршыла ўмовы для актывістаў на мінулым тыдні. Выключна на пратэстоўцаў распаўсюджваюцца правілы ўтрымання зняволеных: пад’ём а 6-й раніцы і да адбоя забіраюць матрацы, абмежаваная колькасць перадачаў з волі.  

Беларускае Радыё Рацыя