Андрэй Баканаўскас: Падтрымаю страйк на “Азоце”
Страйк з палітычнымі патрабаваннямі на гарадзенскім “Азоце” падтрымаў яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства – Андрэй Баканаўскас.
Хлопец адпрацаваў на прадпрыемстве 13 год і свае патрабаванні ён выклаў у сацыяльных сетках:
– Я вось глядзеў, што людзі далучаюцца ўсё больш. Але спачатку пабаяўся, хіба чакаў, каб у маім цэху якаясьць салідарнасць з’явілася. Але я нікога не заклікаў, проста размаўляў. Гаварыў пра тое, што ў нас у краіне адбываецца. Расказваў, думаў, што хтосьці скажа, што можа трэба страйкаваць. Але нікога не заклікаў.
Апошняй кропкай, якая падштурхнула хлопца далучыцца да страйку, стала смерць Рамана Бандарэнкі.
– Калі я ўжо дазнаўся пра смерць Рамана Бандарэнкі, пра тое, што ў нас у нядзелю было – разгон мірнага мітынгу. Мемарыял каля Фары Вітаўта, які людзі зрабілі, яны яго прыбралі, выкінулі гэтыя кветкі, знічы. Тады я вырашыў, што трэба далучацца. Тым больш, што ў мяне таксама была трагедыя ў сям’і, што мама памерла ад каронавіруса. І я лічу, што Міністэрства аховы здароўя бяздзейнічала яшчэ падчас першай хвалі каронавіруса.
Паводле словаў Андрэя Баканаўкаса, цяпер на гарадзенскім „Азоце” страйкуюць некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў. Кіраўніцтва “Азота” спрабуе замяніць страйкуючых штрэйкбрэхерамі, але гэта не вельмі атрымліваецца.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча
