Андрэй Бандарэнка: Варта стварыць Асацыяцыю праваабаронцаў Беларусі



Неабходнасць стварэння Асацыяцыі праваабаронцаў Беларусі выказаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Нядаўна вызвалены з турмы пасля трох гадоў зняволення, ён падзяліўся сваімі планамі на сустрэчы з журналістамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

На жаль, сярод праваабаронцаў дасюль няма агульнага крытэра каго лічыць палітвязнем, а каго не, што стварае праблемы для абароны іх правоў, – кажа праваабаронца і былы вязень Андрэй Бандарэнка.

– Зараз у нас каля 30 чалавек затрыманых па так званай справе «Белага легіёна», а таксама хлопцы-антыфашысты. Усе гэтыя людзі патэнцыйна з’яўляюцца палітзняволенымі. І бадай што самы галоўны палітычны вязень – гэта Міхаіл Жамчужны, справа якога, дзякуючы памылкам нашых праваабарончых арганізацый, адыйшла на якісьці другі-трэці план. Пра яго сталі забываць, і атрымалася казусная сітуацыя, калі ў Беларусі існуе палітвязень, пра якога ніхто нічога не ведае.

Паводле словаў Андрэя Бандарэнкі, статус палітвязня трэба надаваць калегіяльна з удзелам усіх праваабаронцаў. Ён даў таксама крытычную ацэнку дзеючым у Беларусі праваабарончым арганізацыям за недастатковую кампетэнтнасць пры разглядзе крымінальных спраў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя