Андрэй Бандарэнка: Я добра запомніў урок здрадніцтва



Кіраўнік “Платформы” Андрэй Бандарэнка распавёў пра новы этап у жыцці іх установы.

Нагадаем, што «Платформа» (Прыватная інфармацыйная ўстанова «Нью Платформ інавэйшн») заявіла пра пачатак сваёй дзейнасці.

РР: Не так даўно вы выйшлі на волю, давялося аднаўляць арганізацыю. Ці зменіцца што-небудзь у рабоце ўстановы?

Андрэй Бандарэнка: Наша дзейнасць не зменіцца, як і раней асноўным накірункам стане абарона правоў асуджаных і асобаў, якія сутыкнуліся з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў месцах пазбаўлення волі, таму мы па-ранейшаму будзем аказваць дапамогу пацярпелым.

РР: З чаго пачынаеце працу?

Андрэй Бандарэнка: Мы запускаем адразу некалькі праектаў, асноўным з якіх з’яўляецца “Маніторынг умоў захвання правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі”. Пасля таго, як “Платформа” ў свой час агучыла факты катаванняў у калоніях і РУУС, адміністрацыі сталі баяцца адкрыта прымяняць катаванні. Хоць у гэтым накірунку ёсць некаторыя пазітыўныя зрухі, але кардынальна сітуацыя не змянілася. Замест гэтага ўлады паспрабавалі стварыць “фэйкавую” праваабарончую структуру, каб на падставе яе маніторынга дэманстраваць быццам бы паляпшэнне сітуацыі ў месцах пазбаўлення волі. Але мы ведаем, што адбываецца на самай справе. У калоніях зараз функцыі ціску на зняволеных ускладзены на старшых брыгадзіраў атрадаў – так званых “казлоў”, якія сёння адкрыта супрацоўнічаюць з адміністрацыямі і выконваюць усе іх указанні.

РР: Так і адбываюцца правакацыі ў дачыненні “непаслухмяных”?

Андрэй Бандарэнка: Так, менавіта гэты спецкантынгент ладзіць правакацыі па ўказаннях сваіх куратараў. А за гэта атрымліваюць пэўныя бонусы ад адміністрацыі калоніі ў выглядзе дадатковых спатканняў, званкоў, перадач. Міліцыянты ў РУУС і следчыя часам таксама не грэбуюць прымяніць свае “метады”, а таму наша задача не толькі паказваць такія выпадкі, але і распрацоўваць механізмы абароны пацярпелых і выпрацоўку рэкамендацый для зменаў у заканадаўстве.

Паралельна з гэтым накірункаў мы будзем рэалізоўваць праект “Несправядлівы прысуд”, накіраваны на выяўленне незаконных прысудаў і фактаў фальсіфікацый на стадыі папярэдняга расследвання і судовых паседжанняў. Як вынікае са статыстыкі, з 45 тысяч абвінаваўчых прысудаў толькі 83 чалавекі былі апраўданы ў мінулым годзе. Гэта ніжэй статыстычнай пагрэшнасці і сведчыць пра тое, што ў Беларусі адсутнічае незалежнае правасуддзе. Гэта тэндэнцыя добра прагледжваецца ў абвінаваўчых прысудах па артыкуле аб незаконным абароце наркатычных сродкаў, калі пад выглядам барацьбы з наркотыкамі за кратамі часам аказваюцца невінаватыя людзі.

І апошнім праектам, якім сёння займаецца “Платформа”, з’яўляецца “Грамадзянскі кантроль”, які ставіць мэтай раскрываць факты карупцыі, хабарніцтва, бяздзеяння чыноўнікаў на рэгіянальным узроўні. Гэты праект можна назваць той інавацыяй, якую сёння выкарыстоўвае абноўленая “Платформа”.

РР: Вы ўжо сфарміравалі каманду для працы?

Андрэй Бандарэнка: Па-першае, найперш мы спадзяемся на падтрымку простых грамадзян, якія гатовы адстойваць свае правы. Тым не менш, зараз у “Платформу” прыйшло шмат новых людзей, якія хочуць працаваць на карысць сваёй краіны, і я ўпэўнены, што мы зможам дасягнуць добрых вынікаў. Што датычыцца тых, хто разваліў “Платформу”, то мне іх шчыра шкада. Гэта слабыя людзі, якія здрадзілі і калегам, і ідэі. Я добра запомніў урок здрадніцтва і зрабіў з гэтага адпаведныя высновы.

Наш сайт стартуе пад дэвізам “Свабоду Міхаілу Жамчужнаму”. Дарэчы, для тых, хто пажадае звярнуцца да нас з нейкай інфармацыяй альбо за дапамогай, паведамляем нашы каардынаты: 220039 Мінск, а/я 144. Е-MAIL: platforma.innovation@gmail.com TEL: +375 (29) 164-97-88, +375 (25) 95-44-315.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя