Андрэй Краеўскі: Комікам можа стаць абсалютна кожны



“Добры вечар паважаныя сябры”. Менавіта з такіх словаў беларус Андрэй Краеўскі распачаў свой пераможны выступ на папулярным украінскім тэлешоў “Рассмяшы коміка”. На шоў берасцеец зарабіў 10 000 грыўняў, а відэа ягонага выступу на канале Youtube назбірала дзясяткі тысяч праглядаў. Напачатку выступу Андрэй паведаміў, што ў яго зараз самая папулярная прафесія ў Беларусі – “дармаед”.

Пра тое ці праўда гэта, а таксама пра свой шлях да творчасці апавядае сам Андрэй Краеўскі:

– Я працую вядоўцам мерапрыемстваў ужо некалькі год. Для многіх маіх знаемых і сяброў гэта не з’яўляецца нейкай сур’ёзнай працай, таму калі я сказаў “дармаед”, гэта часткова было праўдай, часткова хлуснёй, таму што я не хаджу на працу з панядзелка па пятніцу – з 9 да 18. Чаму я напісаў дармаед? Па-першае, каб зачапіць некаторых сваіх сяброў, якія мяне так называюць, па-другое, для таго, каб добра выступіць на “Рассмяшы коміка”, вельмі важна, перад тым, як пачнеш выступаць, з імі вельмі добра пагутарць, і так атрымалася, што я, нефармальны дармаед, вырашыў напісаць гэты адказ, у мяне ўжо быў нарыхтаваны жарт, што на цяперашні час гэта самая папулярная прафесія ў Беларусі. Ведаю, што Уладзімір Зяленскі і Яўген Кашэвой, яны людзі, якія сочаць за падзеямі ў свеце, здымаюць пэўныя тэлепраекты, якія меюць шырокую папулярнасць, і я быў больш чым упэўнены, што ім гэты жарт будзе зразумелы. У анкеце было пытанняў дзесяць, і на кожнае пытанне ў мяне быў падрыхтаваны адказ. Але я паставіў рысы на некаторых пытаннях, каб яны спыталі, а я адказаў “дармаед”, чакаў, што яны гэтае пытанне зададуць, так яно і атрымалася.

РР: Падобных шоў можа і ў Расеі хапае, можа ў нейкіх іншых краінах. Чаму вы выбралі Ўкраіну?

– Па-першае, ва Украіне ўсё нашмат прасцей: адносіны, лагістыка. Добрыя адносіны да беларусаў. Дапусцім, у Расеі ёсць тэлепраекты, але тыя ўдзельнікі, якія там выступаюць, дастаткова багемныя. Мне, як чалавеку сціпламу, які не з’яўляецца прафесійным сцэнарыстам, там не зусім зручна. А “Рассмяшы коміка” – гэта мой фармат, гэта народнае шоў. Дзе любы чалавека, прыклаўшы пэўныя намаганні, можа патрапіць на праект. Па-другое, я вельмі люблю Украіну, Кіеў. І па-трэцяе, менавіта гэтыя комікі мне вельмі падабаюцца.

У Беларусі ніякіх праектаў увогуле няма. Акрамя ліг КВЗ, якія існуюць у Менску, больш паехаць няма куды. Каб туды трапіць, трэба прайсці вельмі сур’езны шлях, на які ты змарнуеш шмат часу. У Маскве ёсць падобныя варыянты, гэта ўдзел у Камедзі батле, але перадача “Рассмяшы коміка” мне падабаецца больш. Вось так, пры збегу розных абставінаў, у 2015 годзе першы раз паспрабаваў, у мяне атрымалася выйграць, праз год, у 2016, я прайграў. Мне падабаецца глядзець гэтую перадачу, мае сябры глядзяць гэтую перадачу.

РР: Вы як да гэтага прыйшлі?

– У студэнцкія годы я гуляў у КВЗ, вучыўся пісаць, жартаваць. У КВЗ ёсць шмат розных конкурсаў, але мой самы любімы конкурс – гэта конкурс тэкставых жартаў, калі людзі чытаюць навіны. І ў прынцыпе, у кожнага аўтара-КВЗ-эншчыка павінен быць невялічкі нататнік, і ён перыядычна павінен у гэта нататнік занатоўваць нейкія думкі, трэніраваць свой мозг. Гэты нататнік у мяне есць. У перыяд падрыхтоўкі да “Рассмяшы коміка”, так атрымалася, я працаваў на дзяржаўнай працы, з 8:30 да 17:30 кожны дзень, і каб разнастаіць, я пачаў пісаць жарты ў час абеда і якіх-небудзь перапынкаў, каб не ўкісаць, каб трымаць сябе ў тонусе. Калі ў мяне падназапасілася пэўная колькасць жартаў, я сыйшоў з працы і пачаў займацца правядзеннем мерапрыемстваў, і зразумеў, калі я яшчэ пасіджу папрацую, то ў мяне зкампануецца нядрэнны выступ. Усё пачыналася з жарта, дзеля таго, каб не згніць, а ў выніку гэта вылілася ў невялікую творчую працу.

РР: Ці вас нехта выводзіў з раўнавагі, калі вы не ведалі, што адказаць?

– Так, гэта вельмі часта бывае, калі гуляеш у размінку. У мяне есць сябры, мы часам збіраемся, гуляем у размінку. Гэта вельмі проста зрабіць. Як я казаў, лепшая імправізацыя – гэта нарыхтаваная. Таму каб у цябе было больш нарыхтовах, ты павінен як мага часцей намагацца жартаваць, адказваць на нейкія пытанні, таму што чалавечая памяць запамінае жыццёвыя моманты, а потым яна выстрэльвае. Каб вы разумелі, я на сцэне “Рассмяшы коміка” прачытаў каля 25 жартаў, але каб туды паехаць, я напісаў жартаў 800. То бок, гэты “выхлап” вельмі невялікі. Каб гэты “выхлап” быў большы, па-першае, трэба часцей працаваць, па-другое, трэба, каб у цябе была нейкая каманда.

РР: Як успрымалі ўкраінцы жарты, якія сталі папулярнымі ў беларускім сегменце сеткі Інтэрнэт?

– Глядач ніколі не паверыць у той жарт, які, па іх разуменню, гэты чалавек не можа напісаць. То бок, я прыехаў з Беларусі і калі я буду жартаваць пра Парашэнку, пра Ані Лорак, яны ў гэта не павераць. У мяне на “Рассмяшы коміка” жарт, які прынес мне 1000 грывен, быў пра Пуціна, што, калі ён сыйдзе з пасады, Беларусь пачне атрымоўваць пенсію па страце карміцеля. Калі б гэты жарт чытаў прадстаўнік Расеі ці Украіны, ён быў бы не смешным. Таму што людзі бы не паверылі, што чалавек можа гэты жарт напісаць. Вельмі важна, каб тыя жарты, якія чытаеш, людзі ніколі не чулі. Калі я зрабіў аналіз, то жарты, з якіх найбольш смяяліся, яны наўрад ці маглі пачуць. І вельмі важна, каб твой знешні выгляд, узрост супадаў з тым, што ты чытаеш. Не можа 16-гадовы малады чалавек жартаваць пра тое, што ён кожны дзень бавіць з дзяўчынай, яму не павераць. Хутчэй яму павераць, што ён ў Instagram сядзіць, альбо не зрабіў урокі.

Андрэй Краеўскі не цураецца крытыкі ў свой адрас, аднак гатовы ўспрымаць яе выключна ад людзей, якія самі на нешта здольныя. “Што датычыць захаплення, альбо прафесіі коміка то пры пэўных высілках, цярплівасці і працаздольнасці – ім можа стаць абсалютна кожны”, – зазначыў Краеўскі.

Інтэрв’ю ў гукавым фармаце:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.