Андрэй Лянкевіч выступіў у HrodnaMediaRoom



Фатограф, арганізатар і ўдзельнік міжнародных фотавыставаў Андрэй Лянкевіч правёў у Гародні майстар-клас пад назвай “Жывы фатограф ці добры фотаздымак?”

Ён распавёў на сустрэчы пра межы этыкі для фатографа і ці можна ўсур’ёз разважаць пра этычнасць паводзінаў фотажурналіста:

– Пытанне этыкі, якое ў апошні час вельмі часта абмяркоўваецца, не такое простае. Збольшага этыку накіроўваюць ад гледача да вялікіх медый, а не разглядаюць сапраўды этычныя адносіны паміж фатографам, які ў дадзеным выпадку вырабляе прадукт, што можа быць неэтычным, да самога гледача, які можа ставіцца да неэтычных прадуктаў з цікавасцю, не правяраць яго і прымаць на давер.

На думку гарадзенскага фотажурналіста Аляксандра Саенкі, Лянкевіч на сустрэчы вельмі добра паказаў, як жыць у свеце фэйкавых навінаў:

– У СМІ ў стагоддзе падману, калі незразумела, дзе праўда, а дзе фэйкавыя навіны, якія запоўнілі большую частку інтэрнэта. Вельмі важна разумець, тлумачыць самому сабе, чаму гэты фотаздымак праўда, а гэты не, дзе кадраваны, а дзе не. Такім чынам Андрэй паказаў нам, як дабівацца праўдзівага светапогляду на фотажурналістыку.

Сустрэча адбылася ў „Цэнтры гарадскога жыцця” і сабрала сябраў гарадзенскай філіі БАЖ, фатографаў–фрылансераў і гарадзенцаў, якія цікавяцца працай СМІ.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня