Андрэй Пачобут: СПБ – лакмусавая паперка для беларускіх уладаў



Непрызнаваны Саюз палякаў на Беларусі – як лакмусавая паперка для беларускіх уладаў. Калі б яны сапраўды баяліся Расеі і татальнай русіфікацыі, то польская нацыянальная меншасць у Беларусі не адчувала б такога ціску. Адзначае сябра СПБ, журналіст Андрэй Пачобут.

– Нас можна абвінаваціць у чым заўгодна, але мы не прарасейскія, гэта відавочна. Саюз палякаў ніколі не быў прарасейскай арганізацый. Гэта арганізацыя праеўрапейская, якая завязаная на каталіцкую рэлігію, і не мае нічога супольнага з Масквой. І калі б беларускія ўлады сапраўды баяліся б, то не было б спробы ціску, не было б спробы абмежаваць дзейнасць Саюза палякаў. Але гэтага няма, і мне падаецца, што маем дачыненне з інфармацыйнай кампаніяй, якую праводзяць беларускія ўлады, якія зацікаўлены толькі ў тым, каб Лукашэнка захоўваў уладу. Вось гэта галоўная мэта. У якіх формах – гэта другасна. Варыянт Хмяльніцкага магчымы. Разглядаць Лукашэнку як абаронцу незалежнасці – гэта няправільна. Гэта можа мець дрэнныя наступствы. Трэба паставіць усё ж такі на незалежнае грамадства.

Нагадаем, двух настаўнікаў польскай мовы, Томаша і Малгажату Банашкевічаў, напрыканцы верасня вымусілі пакінуць Беларусь. Настаўнікі выкладалі ў польскай грамадскай школе імя караля Стэфана Баторыя ў Горадні. Але з аддзелу ўнутраных справаў Адміністрацыі Ленінскага раёну Гародні ім загадалі пакінуць Беларусь, не працягнуўшы дазвол на знаходжанне ў краіне. Пасля настаўнікаў удалося вярнуць пры дапамозе дыпламатаў, адзначала старшыня Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя