Андрэй Стрыжак: Новы трэнд – гэта штрафы за рэпосты



Беларускія праваабаронцы адзначаюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў 2018 годзе не палепшылася ў параўнанні з мінулымі гадамі. А ў некаторых выпадках заўважныя пагаршэнні.

Каардынатар Праваабарончага цэнтра “Вясна” па Гомельшчыне Андрэй Стрыжак канстатуе ўзаемасувязь паміж пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека і пачаткам выбарчай кампаніі:

– Новы трэнд – гэта штрафы за рэпосты, гэта пераслед людзей за тое, што яны дзеляцца на старонках сваіх сацыяльных сетак нейкімі матэрыяламі, якія прызнаныя экстрэмісцкімі. Традыцыйна ў нас пераследуюць незалежных журналістаў, асабліва тых, хто працуе на замежныя сродкі масавай інфармацыі, на замежныя медыя. Трэба адзначыць, што актывізаваліся спробы ціснуць або вербаваць прадстаўнікоў трэцяга сектара. Можна прыгадаць сітуацыю з Аляксандрам Бураковым у Магілёве, калі да чалавека паспрабавалі падысці з такім пытаннем.

У 2019-2020 гадах у Беларусі пройдуць дзве важныя палітычныя кампаніі – прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Гэтыя падзеі будуць праходзіць ва ўмовах значнага ціску на афіцыйны Менск з боку Крамля.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель