Андрэй Ягораў: Мусім працаваць больш эфектыўна



На нядаўнім форуме ў Вільні беларускія праваабаронцы прааналізавалі сваю дзейнасць даволі крытычна. Было выяўлена шмат праблем у праваабарончай супольнасці, на якія праваабаронцы вымушаны рэагаваць. Былі выпрацаваны адзіныя этычныя правілы – як мягкая форма адказу на тыя пытанні, якія ёсць.

Але шмат над чым яшчэ варта працаваць, каб будучая праца стала больш эфектыўнай, – кажа Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, магістр палітычных навук:

– Павінна быць большая супраца з медыямі, і ў тым ліку з новымі медыямі. Выкарыстанне ў большай ступені сацыяльных сетак. Важна ўзмацняць сувязі праваабаронцаў з іншымі групамі грамадзянскай супольнасці, якія таксама маюць праваабарончую кампаненту ў сваёй дзейнасці. А таксама ўступаць ва ўзаемадзеянне з суб’ектамі ў розных слаях беларускага грамадства – ад бізнесу да рэлігійных арганізацый – дзеля ўцягвання іх у нейкую супольную дзейнасць.

Паводле Андрэя Ягорава, у Беларусі стаіць вострая праблема з парушэннем правоў чалавека.  Але назіраецца і зніжэнне ўвагі дэмакратычнай супольнасці да гэтай праблемы. Гэтыя пытанні будуць падымацца яшчэ не раз на міжнародным узроўні.

Беларускае Радыё Рацыя