Ангеліна Туравец: Матрац у ІЧУ мне далі толькі тады, калі паднялася тэмпература
У Віцебску выйшла на волю пасля арышту на 20 сутак Ангеліна Туравец – 19-гадовая дзяўчына, якую прызналі вінаватай у незаконным пікетаванні за маску з бел-чырвона-белым малюнкам.
Ангеліну затрымалі 9 траўня на плошчы Перамогі – яна прыйшла туды, каб паглядзець парад, але апынулася ў пастарунку. На трое сутак да суду яе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, і агулам 20 сутак за кратамі дзяўчыне давялося адбыць па рашэнні суду Чыгуначнага раёна. Палову гэтага тэрміну яна практычна галадавала, распавяла Ангеліна Туравец:
– Ад пачатку толькі суп елі і батон. А апошнія 10 дзён я ўвогуле нічога не ела, толькі гарбату і кісель у абед. Матрацы на дзень забіралі: выдавалі а 10-й вечара, забіралі а 6-ай раніцы, і сядзелі мы на жалезных “шконках”. У камеры было часта адчынена акно, было халодна. І матрац мне далі толькі ў гэтую сераду, калі ў мяне паднялася тэмпература.
Маці арыштаванай, Таццяна Туравец, звярталася ў пракуратуру са скаргамі на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ. Аднак выніку пракурорская праверка не дала: усё засталося па-ранейшаму. Учора ў судзе Віцебскага раёна Таццяне Туравец прысудзілі 3 гады так званай “хімііі” – нібыта за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі падчас ператрусу ў яе дома. Жанчына не прыйшла ні на абвяшчэнне прысуду, ні сустрэць дачку пасля “сутак”. Сваякі вельмі занепакоеныя, бо ўжо некалькі дзён яна не выходзіць на сувязь.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
