Анісія Казлюк: Для мяне гэта было абсалютна нечакана



21-гадовая беларуска Анісія Казлюк трапіла ў рэйтынг трыццаці самых перспектыўных маладзёнаў Еўропы. Выданне Форбс уключыла маладую праваабаронцу ў топ-30, у катэгорыі «Права і Палітыка». Беларуска стала самай маладой намінанткай у гэтай катэгорыі.

Гаворыць валанцёр Праваабарончага Центру „Вясна” Анісія Казлюк:

– Калі мне напісалі, што я ўваходжу ў 50 чалавек, якіх запрасілі ў Лондан, я думала, што, у прынцыпе, у 30-ку я не ўвайду, таму што даволі юны ўзрост, малы вопыт. І нічога такога асаблівага няма. Потым я даведалася, што ўвайшла ў 30-ку. І гэта было вельмі нечакана.

Анісія Казлюк, нягледзячы на свой малады ўзрост, праводзіць праваабарончую дзейнасць ужо на працягу сямі гадоў:

– Пачала гэтым займацца пасля Плошчы 2010 года. Я займалася расшыфроўкай гукаў судовых паседжанняў. Тое, што я чула, мне зусім не падабалася. Я разумела, што нешта не так. Мне было цікава даведацца, што менавіта, і што з гэтым можна зрабіць. Калі я прыйшла ў “Вясну”, мне было 13 ці 15, была ў зусім маладым узросце.  

Выданне Форбс трэці раз склала рэйтынг трыццаці самых перспектыўных маладзёнаў Еўропы, аднак упершыню туды трапіла беларуска. Складальнікі рэйтынгу адзначылі, што Анісія Казлюк «змагаецца за лепшую будучыню Беларусі», а таксама «дапамагае ахвярам парушэння правоў чалавека».

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя