Анонс: у перадачы „Мы бачым” – гутарка з Ігарам Казмерчаком пра „зачысткі” актывістаў у рэгіёнах



“Зачысціць” грамадзянскую супольнасць немагчыма, як немагчыма “пасадзіць” 9 мільёнаў чалавек, лічыць аршанскі актывіст Ігар Казмярчак.

З 8-га ліпеня ён быў вымушаны трое сутак правесці за кратамі ў ІЧУ, у яго правялі некалькі ператрусаў, у тым ліку не толькі па месцы жыхарства, але і ў офісе аршанскай суполкі Таварыства беларускай мовы, дзе ён з’яўляецца сакратаром. А таксама ў “Цудоўнай краме”, якую ён адчыніў два гады таму, і якая цяпер апынулася перад пагрозай закрыцця. У Ігара Казмерчака канфіскавалі ўсю аргтэхніку, вазілі на допыт у СК, але ён не ўпадае ў скруху:

– Гэта ўсё-ткі, напэўна, паказнік канца, калі не разумеюць, каго хапаюць, за што і навошта. Але грамадзянскую упольнасць не зачысціш, таму што перш за ўсё гэта грамадзяне. Нельга “перасажаць” 9 мільёнаў чалавек, і ў дадзеным выпадку – ну, зачысцяць яны адных, дык з’явяцца другія.

У якасці аргумента аршанскі актывіст прапануе згадаць 2010-ты год, калі, здавалася б, былі знішчаны і палітычныя партыі, і пад ціскам былі вымушаны з’ехаць за мяжу асобныя палітыкі, і многія актывісты аказаліся пад ціскам. Але прайшоў час, і распачаліся “рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі”, і людзі ўрэшце выйшлі на вуліцы…

Гутарку пра “феномен Шэрага Ката” слухайце ў перадачы „Мы Бачым” 18-га ліпеня. Пачатак а 17-30 паводле беларускага часу, а ў Польшчы на гадзіну раней, а 16-30.

Беларускае Радыё Рацыя