Антаніна Шайнюк выказвае падзяку ўсім, хто яе падтрымаў



Шматдзетная мама з Гомеля, сям’і якой пагражалі пастаноўкай на ўлік як сацыяльна небяспечнай з-за нізкіх прыбыткаў і наяўнасці хворага сабакі, удзячная за хвалю салідарнасці ад беларусаў і замежных грамадзянаў. На бяду адзінокай жанчыны Антаніны Шайнюк адгукнуліся жыхары розных гарадоў Беларусі, Польшчы, Казахстана. Сваю дапамогу прапанавала нават Нобелеўская лаўрэат Святлана Алексіевіч.

Антаніна Шайнюк выказвае падзяку відэаблогеру Арцёму Шапараву, які першым распавёў пра яе праблему.

– Многа людзей і маральна, і матэрыяльна дапамагалі. І шпалеры людзі перадавалі. І прыязджалі проста дапамагчы пераклейваць. Я ведала, што Святлана Алексіевіч Нобелеўскі лаўрэат, чула ў навінах і чытала пра яе. Але тое, што яна мне патэлефанавала – гэта было мне надзвычай прыемна. Яна падтрымала. І матэрыяльна дапамагла. Але, відаць, маральная падтрымка для мяне ў той момант была самая галоўная.

Антаніна Шайнюк выхоўвае чатырох няпоўнагадовых дзяцей. Некалькі месяцаў назад новапрызначаная дырэктар школы №3 Ніна Старажэнка пасля наведвання кватэры, дзе пражывае шматдзетная сям’я, паставіла ў віну адзінокай жанчыне размаляваныя дзецьмі шпалеры і смурод ад хворага на анкалогію сабакі. Пасля грамадскага рэзанансу сацыяльныя службы пакуль што не турбуюць сям’ю Шайнюк.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя