Антон Матолька: зробім годнае свята 23 сакавіка



Да арганізацыі свята Дня Волі ў Гародні далучылася вялікая каманда, сярод якой вылучаецца адзін з вядомых беларускіх блогераў і грамадскіх актывістаў Антон Матолька.

Антон Матолька быў адным з арганізатараў БНР-100 у Менску. Цяпер ён запрашае ўсіх на свята ў Гародню.

– Памятаеце, як збіраліся і ехалі на Вольскага ў Вільню, на “Басовішча” ў Беласток. Калі дазволілі “Brutto” – то паехалі ў Гомель. Дык у чым праблема, сабрацца, як кажуць у Лідзе, зробім гучна, і прыехаць у Гародню. Гародня сапраўды вельмі круты горад. І любімы многімі беларусамі. І цяпер мы як арганізатары выкладаем усе свае сілы, усе свае магчымасці, каб зрабіць яшчэ больш крута, як было летась у Менску.

Выступаць на гарадзенскім свяце БНР-101 плануюць «Дай дарогу!», Вайцюшкевіч, «Крама», Вольскі і гарадзенскія «Дзецюкі». Менавіта на выступы гэтых музыкаў і запрашаюць прыехаць менскія арганізатары.

Беларускае Радыё Рацыя