Антоні Грэмза: Няма такой узаемнай адвагі, каб адкрыцца адзін аднаму



У Беларусі, ды ва ўсім свеце, праходзіць тыдзень малітваў за еднасць хрысціянаў. У Беларусі экуменічныя малітвы аб’ядналіся пад дэвізам: «Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». Цытата ўзята з Евангелля апостала Мацвея. Малітвы скіраваны ў падтрымку ўсходніх Цэркваў. Пра асаблівасці тыдня малітваў у Беларусі наш карэспандэнт Якуб Сушынскі гутарыць з адмысловым госцем Рацыі, святаром Рыма-каталіцкай Царквы, ксяндзом-канонікам Антоні Грэмзам.

РР: Тыдзень малітваў за еднасць хрысціянаў праходзіць штогод. Наколькі яна ў духу новай евангелізацыі? У чым сэнс гэтай сустрэчы пад такім дэвізам?

Антоні Грэмза: Сёлета матэрыялы для малітвы рыхтавала Сусветная рада касцёлаў, якая супрацоўнічала з усходнімі цэрквамі. Гэтыя словы ўзятыя як прапанова ўсходніх цэркваў, якія знаходзяцца ў Сірыі, Александрыі. Яны прапануюць такім чынам звярнуць увагу на ролю хрысціянаў на Усходзе, якія жывуць, дзейнічаюць як карэнныя жыхары Усходу, і ў тых варунках ісламу пакліканыя сведчыць пра Хрыста, менавіта ў тых умовах, у якіх яны жывуць.

РР: Чым на вашу думку адрозніваецца гэты тыдзень малітваў у Беларусі ад таго, што адбываецца зараз па-за межамі нашай краіны?

Антоні Грэмза: Напэўна, вялікая розніца. У нас можа толькі ідзе такое станаўленне, хоць штогод адбываюцца малітвы ў катэдрах дыяцэзіі ў Беларусі, але, напэўна, кожная краіна мае сваю традыцыю. Наша яшчэ фармуецца: ёсць малітва, нейкія сустрэчы, размовы.

Калі казаць пра іншыя краіны, напэўна, гэта разбудавана, там бяруць удзел усе хрысціянскія канфесіі ў гэтым. Напрыклад, калі адбываецца малітва, яна адбываецца таксама не толькі ў каталікоў, але і ў лютэранаў, праваслаўных, евангелістаў. Яны ўзаемна ходзяць у свае храмы, і прадстаўнікі ўсіх канфесіяў моляцца ў розных храмах.

У нас адбываецца малітва толькі на базе каталіцкіх храмаў, і, можа, у гэтым такая розніца, што прадстаўнікі іншых канфесій не ўключаюцца ў гэтую справу, каб разам сумесна маліцца. Яны прыходзяць, сумесна ўдзельнічаюць, але каб маліцца ў сваіх храмах аб еднасці, гэтага яшчэ няма, на жаль.

РР: У чым тут прычына? Ці царква, якая вызнае сябе як хрысціянская, яшчэ саромецца саму сябе? Ці здольная яна назваць рэчы сваімі імёнамі на гэтым тыдні?

Антоні Грэмза: Прычыны, напэўна, глыбокія, яны крыюцца ў гісторыі, ва ўзаемных адносінах, у тым, што было раней. Мы перажываем гэтую спадчыну. Яшчэ, напэўна, няма належнага дыялогу, які патрэбны, каб ён быў паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі. Ён вядзецца і, можа, яшчэ будуецца на такім павярхоўным узроўні. І няма такой узаемнай адвагі, каб адкрыцца адзін аднаму, бо хутчэй, можа, страх узаемаадносінаў і такі недавер з розных бакоў. Такім мне падаецца галоўная прычына, чаму няма такой большай супрацы з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў Беларусі.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]