Антоній Грэмза: Трэба адрадзіць спадчыну, якая была знішчана ў савецкі перыяд атэістычнымі ўладамі



Госць Рацыі ксёндз-канонік гарадзенскай дыяцэзіі Антоній Грэмза распавёў у эфіры нашага радыё, што цяпер аднаўлецца ў касцёлах і як змянілася жыццё ў часе пандэміі.

– Трэба адрадзіць нашу спадчыну, якая была знішчана ў савецкі перыяд атэістычнымі ўладамі. Гэта доўгі працэс, але адраджаецца. Адметна тое, што і касцёлы, і кляштары, якія ёсць, яны нагадваюць нам мінулую гісторыю, якой трэба ганарыцца, бо гэта і наша гісторыя. Вядуцца працы над рэстаўрацыяй знішчаных будынкаў, дзе гэта магчыма. У касцёле, дзе я служу, у Брыгіцкім касцёле адбываецца аднаўленне – быў адноўлены алтар, знішчаны савецкімі ўладамі, а ў гэтым годзе таксама зробленыя новыя фігуры святога Міхала, анёлы, арханёлы, якія некалі былі ў галоўным алтары. Знайшліся добрыя людзі, таксама выканаўцы і гэтыя фігуры вернуцца на сваё месца, каб нам сведчыць пра тое, што лёс зменлівы. Змяняюцца людзі, пакаленні, улады, сістэмы, а Бог не зменлівы. І тое, што было Богам зацверджана аднаўляецца і сёння ўпрыгожвае нашы касцёлы. 

– Хто з майстроў спрычыніўся да ўзнаўлення алтарнай часткі і фігураў?

– Аўтар і выканаўцы гарадзенскі майстар Вітольд Габінскі. Ён сам запраектаваў фігуры і іх выканаў, а таксама спрычыніўся да аднаўлення алтара.

– Больш за паўтары гады мы жывем у неспакойным часе пандэміі, якая робіць пэўныя карэктывы. Вядома, што вы актыўны пілігрым. Вы часта ўдзельнічаеце ў падарожжах па святых месцах, як вы цяпер спраўляецеся?

– На жаль, з-за пандэміі пілігрымкі, якія былі некалі, яны спаволеныя і ўдзел вернікаў у іх не такі вялікі, які быў раней. Але яны адбываюцца, больш такія індывідуальныя – да санктуарыя маці Божай у Тракелях, да месца растрэлу сясцёр мучаніц у Навагрудку, у санктуарый Езуса журботнага ў Росі. Няма вялікіх супольных пілігрымак, але кожны можа прыбыць індывідуальна на месца пілігрымавання і больш засяродзіць увагу на цішыні свайго сэрца. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя