Антыцыклон Erika прынясе ў Беларусь моцныя маразы



Антыцыклон Erika прынясе ў Беларусь моцныя маразы, паведаміў БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

„Маразы ўзмоцняцца. Надвор’е будзе вызначаць арктычны антыцыклон Erika. Чарговы раз спрацуе ўльтрапалярны атмасферны працэс. Паветраныя масы будуць распаўсюджвацца з тэрыторыі Карскага мора і абумовяць вельмі халоднае надвор’е. Дадатковае адчуванне холаду будзе ствараць моцны вецер. Тэмпература па адчуваннях будзе здавацца на 5-7 градусаў ніжэйшай за фактычную. Халадней будзе па паўночным усходзе краіны, крыху цяплей па паўднёвым захадзе, дзе адчуецца ўплыў франтальнага раздзелу. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца”, – расказаў сіноптык.

Атмасферны ціск будзе высокім. Усталюецца спакойнае марознае надвор’е, па паўднёвым захадзе краіны чакаюцца невялікія ападкі ў выглядзе слабага снегу. Ва ўмовах нізкай тэмпературы, сонца і павышэння вільготнасці вялікая верагоднасць з’яўлення цікавых аптычных з’яў тыпу гало, несапраўдных сонцаў, пурпуровых захадаў і светлавых слупоў.

У сераду ноччу тэмпература складзе мінус 18-24, у паўночна-ўсходніх раёнах Віцебскай і Магілёўскай абласцей – 25-28 градусаў марозу, па паўднёва-заходняй частцы краіны – 11-17 градусаў ніжэй за нуль. Днём чакаецца мінус 9-15. Будзе пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым захадзе чакаюцца снег, слабая мяцеліца.

У чацвер уначы тэмпература складзе мінус 9-16, па паўночна-ўсходняй частцы краіны – 17-24 градусы марозу, пры праясненнях – 25-28 градусаў ніжэй за нуль. Удзень – мінус 7-14, па паўночным усходзе – да мінус 16. Будзе пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым захадзе краіны чакаецца кароткачасовы снег.

У пятніцу ноччу тэмпература складзе мінус 11-18, пры праясненнях – да мінус 23, у паўднёва-заходніх раёнах – 9-10 градусаў ніжэй за нуль. Днём прагназуецца мінус 5-12. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы па паўднёвым захадзе чакаецца кароткачасовы снег.

belta.by