Дзмітрый Паліенка пазбаўлены адтэрміноўкі выканання прысуду



Апазіцыйны актывіст Дзмітрый Паліенка пазбаўлены адтэрміноўкі выканання прысуду. Рашэнне прыняў 7 красавіка суд Заводскага раёна Менска, паведаміў праваабарончы рэсурс spring96.org.

У кастрычніку 2016 года Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Яго абвінавацілі ў насіллі ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў падчас акцыі веласіпедыстаў „Крытычная маса” ў красавіку таго ж года.

Актывіст у апошні час некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. 10 сакавіка Паліенка быў арыштаваны на сем сутак за тое, што пасля абвяшчэння прыгавору суда Першамайскага раёна ў дачыненні да фанатаў футбольнага клуба „Партызан” па т.зв. справе антыфашыстаў выкрыкваў „Ганьба!” і іншыя рэплікі ў знак нязгоды з рашэннем суддзі, які прыгаварыў абвінавачваных да пазбаўлення волі на тэрмін ад 4 да 12 гадоў. Паліенку абвінавацілі ў дробным хуліганстве па арт. 17.1 КоАП і ў непадпарадкаванні законным патрабаванням службовых асоб згодна з арт. 23.4 КоАП.

20 сакавіка Паліенка быў арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў. Ён павінен быў выйсці на волю 4 красавіка. „Але яго не выпусцілі. Паводле нашай інфармацыі, Паліенку далі яшчэ 10 сутак арышту, але мы не ведаем, за што”, — паведаміла БелаПАН праваабаронца Анастасія Лойка.

belapan.by