Аператар velcom аднавіў пасля збояў працу сеткі ў Гомельскай вобласці



Тэлекам-аператар velcom растлумачыў прычыны маштабных збояў у сваёй сетцы, якія назіраліся 11 кастрычніка ў Гомельскай вобласці.

Паводле інфармацыі аператара, у Гомельскай вобласці былі зафіксаваныя перарыванні галасавых сэрвісаў і сэрвісаў перадачы дадзеных у сетках velcom 2G і 3G, а таксама цяжкасці з доступам у інтэрнэт па фіксаванай сувязі.

„Пазаштатная сітуацыя была звязана з пашкоджаннем оптавалаконнага кабелю на ўчастку паміж Гомелем і Жлобінам. 11 кастрычніка ў 13:13 сувязь у сетцы velcom была цалкам адноўлена”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце аператара.

Velcom пачаў ажыццяўляць у Беларусі камерцыйную дзейнасць па прадастаўленні паслуг і тавараў мабільнай сувязі 16 красавіка 1999 года. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад холдынгу Telekom Austria Group, аднаго з вядучых тэлекамунікацыйных правайдараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Колькасць абанентаў мабільнай сувязі velcom перавышае 4,8 млн. Абаненцкая база фіксаванага інтэрнэту і ТБ налічвае каля 300 тыс. карыстальнікаў.

belapan.by