Аператара «Белсату» будуць судзіць за лаянку



Аператару «Белсата» пагражаюць «суткі». Судовы працэс над Алесем Любенчуком адбудзецца сёння ў Першамайскім судзе Менску.

Аляксандр Любенчук рыхтуецца сябе абараняць. 

Лінія абароны будзе будавацца на тым, што сведчанні, якія былі ўзятыя з парушэннем Канстытуцыі — незаконныя. Быў шэраг і іншых працэсуальных парушэнняў падчас складання гэтых папераў. Відавочна, што ўся гэтая справа надуманая.

Аператар Белсату перакананы, што пратакол у суд — гэта своеасаблівая помста міліцыі, бо яны не пачулі ад яго таго, што хацелі. Працэс над аператарам, які мае афіцыйную акрэдытацыю МЗС Беларусі, мае распачацца ў 11.30 у Першамайскім судзе Менска (вул. Талбухіна, 9). Разглядаць справу будзе неаднаразова заўважаны ў палітычных працэсах суддзя Юрый Гарбатоўскі.

Нагадаем, 31 сакавіка адбыліся ператрусы ў двух менскіх офісах „Белсата”. У адным з офісаў на момант прыходу міліцыянтаў знаходзіўся Любянчук, яго завезлі ў Першамайскі РУУС. Там на яго склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Міліцыянты заявілі, што Любянчук нібыта брудна лаяўся непасрэдна ў аддзяленні міліцыі. У той дзень Алеся ўжо збіраліся везці ў ізалятар на Акрэсціна, але ўвечары раптоўна вызвалілі. Пасля міліцэйскі пратакол усё ж быў накіраваны ў суд. Зараз Любенчуку пагражае штраф альбо арышт да 15 сутак.

Беларускае Радыё Рацыя