Аплаціць праезд у наземным транспарце сталіцы можна будзе карткай
БПС-Ашчадбанк з 23 мая запускае ў рэжыме доследнай эксплуатацыі сэрвіс аплаты за праезд у наземным транспарце горада Менска з дапамогай банкаўскіх бескантактавых картак. На стадыі пілот-праекта тэхналогія будзе даступная на трамвайным маршруце № 6, які курсіруе паміж Серабранкай і Зялёным Лугам, інфармуе сайт банка.
Плаціць за праезд можна будзе бескантактавай карткай любога банка. Сэрвіс падтрымлівае аплату картамі плацежных сістэм Visa, Mastercard і Белкарт. Акрамя таго, можна будзе разлічыцца ў транспарце з дапамогай смартфона, бірулек, гадзінніка і іншых мабільных прылад з падтрымкай тэхналогіі NFC. Спачатку сэрвіс будзе даступны ў 30 трамваях сталічнага маршруту № 6. Пры паспяховай рэалізацыі пілот-праекта БПС-Ашчадбанк плануе маштабаванне сэрвісу на ўвесь грамадскі транспарт горада Менска.
Працэс аплаты просты: трэба дастаць картку для аплаты і паднесці яе да валідатара, дачакацца гукавога сігналу і тэкставага паведамлення. Кошт разавага праезду роўны кошту звычайнага папяровага талона – 60 капеек.
Фота ont.by
