Апошні самалёт вылецеў з аэрапорта Мінск-1



Менскі завод грамадзянскай авіяцыі нумар 407 канчаткова закрывае старую пляцоўку ў аэрапорце Мінск-1. Апошні самалёт узняўся 28 чэрвеня з гэтай узлётна-пасадачнай паласы.

Пасля тэхнічнага абслугоўвання Ту-134, які належыць Сібірскаму навукова-даследчаму інстытуту грамадзянскай авіяцыі, паляцеў у Маскву. Яго праводзілі позіркамі работнікі завода і аэрапорта.

Як растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара завода Юрый Бондараў, больш гэта ўзлётна-пасадачная паласа не прыме і не выпусціць ніводнага борта.

Новы вялікі ангар завода працуе ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. У ім адначасова могуць праходзіць рамонт 6 паветраных суднаў тыпу Ту-134. Чатыры самалёты ўжо былі абслужаны тут.

У новы ангар будзе перавезена абсталяванне са старой пляцоўкі. Астатнія будынкі былой паветранай гавані будуць знесены. У памяць аб першым аэрапорце захаваюць будынак былога аэравакзала, дзе цяпер размясціўся офіс інвестара-забудоўшчыка.

У гэтым раёне з’явіцца шматфункцыянальны комплекс з жылымі забудовамі, школамі і дзіцячымі садамі.

„У перспектыве мы хочам выйсці на рамонт сучасных тыпаў суднаў, якія выпускаюцца рознымі аэразаводамі свету. Цяпер нашы спецыялісты праходзяць навучанне рамонту і абслугоўванню „Боінга-737″. Закупляем абсталяванне для такіх работ. Для гэтага выдзяляюцца бюджэтныя сродкі. І трэба атрымаць еўрапейскі сертыфікат. Гэта зойме каля двух гадоў”, – падзяліўся планамі Юрый Бондараў. Таксама пачаты перадпраектныя работы па будаўніцтве цэха фарбавання самалётаў. Пачатак яго ўзвядзення магчымы ўжо да канца гэтага года.

belta.by