Апостальская Нунцыятура ў РБ абвяргае Інфармацыю пра Аляксея Шчадрова



У сувязі з нядаўна апублікаванымі ў некаторых сродках інфармацыі паведамленнямі адносна спадара Аляксея Шчадрова, вядомага таксама як брат Луіджы.

Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь удакладняе наступнае:

1. Спадар Шчадроў не належыць да ніводнай арганізацыі, зацверджанай Каталіцкім Касцёлам, як ужо было ўдакладнена ў паведамленні курыі Гродзенскай дыяцэзіі, абнародаваным 19 ліпеня гэтага года на інтэрнэт-партале Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by. Ён таксама не належыць да ніводнай супольнасці кансэкраванага жыцця (манаскай абшчыны), у тым ліку і да супольнасці Місіянераў Божай Любові Маці Тэрэзы з Калькуты.

2. Насуперак таму, што сам спадар Шчадроў нядаўна заяўляў, не было ні раней, ні ў цяперашні момант запланавана ніякай сустрэчы згаданага спадара са Святым Айцом Францішкам.

3. Ён таксама не быў прыняты на аўдыенцыі ніводным з Сакратароў Святога Айца. Паведамленне пра тое, што такая сустрэча нібы адбылася, што на ёй нібы прысутнічаў вялебны айцец Себасцьян Важакала, сузаснавальнік супольнасці Братоў Місіянераў Божай Любові, а таксама пра каментары, якія нібыта былі выказаны ў сувязі з гэтым, пазбаўлена ўсялякай падставы.

Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь заклікае сродкі масавай інфармацыі, якія распаўсюдзілі абвергнутыя намі звесткі, неадкладна апублікаваць гэтую ноту: “Мы таксама не можам устрымацца ад таго, каб на будучыню заахвоціць да ўважлівага папярэдняга ўдакладнення атрыманых ад спадара Шчадрова звестак перш, чым яны будуць распаўсюджаныя, з увагі на ўжо неаднаразовыя, на жаль, заявы з ягонага боку, якія не адпавядаюць рэчаіснасці”.

Менск, 24 ліпеня 2014 г.

pavedamlenne_catolic_by

 

catholic.by