Апытанка: як беларусы адносяцца да развалу СССР?



Чвэрць веку  таму разваліўся Савецкі Саюз.  Беларусь – адна з краін былога СССР, якая найбольш захавала ідэі і метады былой імперыі ва ўсіх сферах жыцця.

Беларусы па-рознаму адносяцца да развалу Савецкага Саюза. Адны шкадуюць адышоўшай імперыі, другія лічаць яе турмой народаў. Шкадуюць СССР людзі больш сталага ўзросту. Там прайшла іх маладосць. А мінулыя цяжкасці, па параўнанні з цяперашнімі, ім здаюцца ледзь не раем, кажуць жыхары Бярозы:

– У СССР было лепш. Такога беспарадку і бяспраўя не было. Была праца, усё было.

– Я не шкадую.

– Мы незалежная дзяржава. У нас усё ёсць. Маем заводы і фабрыкі.

– Шкадуем. Нам трэба было ў саюзе жыць, толькі крыху перабудавацца, змяніць нашых кіраўнікоў, каб яны па-іншаму думалі, каб нам лепш жылося. А то ўвесь час сабе грэблі.

– Я зусім не шкадую, што разваліўся Савецкі Саюз. Для мяне гэта імперыя зла. Гэта імперыя, якая губіла сваіх людзей.

8-га снежня 1991 года ў Белавежскай пушчы ва ўрадавай рэзідэнцыі Віскулі кіраўнікі Беларусі, Расеі і Украіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук дэнансавалі дамову 1922 года “Аб стварэнні СССР”. 15 рэспублік імперыі атрымалі сапраўдную незалежнасць, у тым ліку і Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза