Апытанне: на каго пайсці вучыцца?



Завершаны прыём дакументаў у беларускія ВНУ на бюджэтнае навучанне. Шматлікія маладыя людзі ўжо абралі сабе спецыяльнасці і шлях у далейшае жыццё. Наперадзе – унутраныя ўступныя выпрабаванні, таксама працягваецца набор на платнае аддзяленне. А якія прафесіі ў Беларусі ў наш час лічацца прэстыжнымі і запатрабаванымі? З такім пытаннем мы звярнуліся да мінакоў Глыбокага:

– Праграмаванне – высокааплачваемае. А вось хацеў бы, каб было больш інжынераў. Каб настаўнікаў…

– У асноўным у нас у Глыбокім усе гандлююць. З рабочымі месцамі ў нас напружана. Таму, штосьці звязанае з гандлем.

– Інжынеры нейкія, напэўна. На вытворчасці заўсёды патрэбныя людзі. Бухгалтароў і юрыстаў, я думаю, хапае.

– Напэўна, усё ж такі эканамісты. Вельмі запатрабавальна. Паўсюль патрэбныя бухгалтары і эканамісты.

– Дызайнеры, юрысты. Уся моладзь цяпер такая – рабочымі не хочуць быць.

– Рабочыя прафесіі – таму што рабочых рук не хапае. Усе імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю і працаваць у офісах.

Як паведамляе прэс-цэнтр Міністэрства адукацыі, сёлета значна павысіўся рэйтынг педагагічных спецыяльнасцяў і больш актыўна падаваліся заявы на тэхналагічныя і тэхнічныя спецыяльнасці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя