Араб спрабаваў купіць у ЗША снайперскія вінтоўкі для пастаўкі ў Беларусь



Мужчына з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў затрыманы ў ЗША за спробу кантрабанды снайперскіх вінтовак у Беларусь, паведамляе амерыканскі тэлеканал KSL.

Калар Рахман Аніс Ур Рахман абвінавачваецца ў спробе купіць 89 вінтовак Sakо 308-га калібру і перавезці іх у Беларусь, у дачыненні да якой дзейнічае эмбарга на пастаўкі зброі з ЗША.

Другога снежня Вялікае федэральнае журы (калегія прысяжных засядацеляў) Солт-Лэйк-Сіці (штат Юта) абвінаваціла Рахмана ў злачыннай змове ў мэтах учынення злачынства супраць ЗША, парушэнні закона аб кантролі экспарту зброі, кантрабандзе і адмыванні грошай.

Падчас расследавання Бюро па кантролі і выкананні іміграцыйнага і мытнага заканадаўства спачатку стала вядома пра магчымую кантрабанду зброі ў лістападзе 2013 года, калі звязаны з Рахманам чалавек спрабаваў купіць у вытворцы зброі ў Солт-Лэйк-Сіці партыю вінтовак для далейшага экспарту ў Беларусь. Тады прадстаўнік кампаніі-вытворцы паведаміў меркаванаму замоўцу па электроннай пошце, што гэтая замова немагчымая ў адпаведнасці з федэральным законам, а таксама паведаміў пра спробу замовы зброі ўладам.

У далейшым тайны агент Бюро па кантролі і выкананні іміграцыйнага і мытнага заканадаўства праз электронную пошту звязаўся з замоўцам, які зноў выказаў жаданне купіць зброю. Перамовы доўжыліся да мая 2015 года, пакуль пасрэднік не прадставіў агенту Рахмана.

Рахман, які ведаў пра эмбарга на пастаўкі зброі з ЗША ў Беларусь, дамовіўся з агентам пра замову 89 снайперскіх вінтовак, першыя 10 з іх разам з патронамі абышліся яму ў 66.285 долараў. Тайны агент атрымаў ад Рахмана папярэднюю аплату ў 13.257 долараў у верасні. Рэшту сумы ён павінен быў атрымаць пасля дастаўкі вінтовак у Беларусь.

Араб сустрэўся з агентам у гатэлі непадалёк ад Чыкага (штат Ілінойс) 4 лістапада і пацвердзіў, што разумее рызыкі нелегальнай куплі і кантрабанды зброі ў Беларусь. На сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасць яшчэ адной замовы вінтовак у будучыні.

Рахман быў арыштаваны ў гэты ж дзень. Зараз ён чакае экстрадыцыі ў Юту. Калі суд прызнае Рахмана вінаватым, яму пагражае турэмнае зняволенне да 20 гадоў і штраф у адзін мільён долараў за парушэнне закона аб кантролі экспарту зброі, да 20 гадоў і 500 тыс. долараў штрафу за адмыванне грошай і да 10 гадоў і 250 тыс. штрафу за кантрабанду.

belapan.by

  • Anonim

    снайперскія дубальтоўкі для асабістай аховы цыгана.

Комментарии для сайта Cackle