Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” запатрабавалі змяніць час правядзення акцыі



Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” запатрабавалі змяніць час правядзення акцыі. Адпаведную заяву яны афіцыйна перадалі ў Менгарвыканкам. Прадстаўнікі аргкамітэту спрабавалі асабіста сустрэцца з кіраўніцтвам Менску, але яго нібыта не аказалася на месцы.

“Гэта знак таго, што ўлада глухая і ня хоча пачуць людзей”, — кажа адзін з заяўнікаў акцыі, намеснік старшыні Руху “За свабоду” — Юрась Меляшкевіч:

— Той фармат, які яны змянілі, і які яны прадставілі нам у сваім рашэнні, нас цалкам не задавальняе па месцы і часе правядзення мерапрыемства. Але мы гатовыя ўспрыняць і пагадзіцца што месца збору будзе прызначанае каля кінатэатра «Кастрычнік», хоць меркавалася, што гэтае месца будзе ля тэатра оперы і балета. Такім чынам мы чакаем да пятніцы, што Менгравыканкам пойдзе нам насустрач, як мы пайшлі насустрач у перамене месца збору.    

 

Калі менскія ўлады не задаволяць патрабаванне аргкамітэту пра змену часу правядзення “Чарнобыльскага шляху”, то арганізатары маюць намер звярнуцца ў суд. Паводле беларускага заканадаўства, Менгарвыканкам павінен узгадняць месца, час і маршрут — з арганізатарамі, але гэтага зроблена не было. Прыгадаем, што ўлады дазволілі правесці «Чарнобыльскі шлях» у сераду 26 красавіка, але ў працоўны час, а не ўвечары, як хацелі арганізатары.

Беларускае Радыё Рацыя