Арганізацыі ТБМ пагражае высяленне



Камунальнае прадпрыемства „Мінскія гарадскія інтэрнаты” патрабуе ад грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) у тэрміновым парадку заплаціць завінавачанасць па арэндзе памяшкання на вул. Румянцава, 13, дзе месціцца сядзіба ТБМ, паведаміла БелаПАН старшыня арганізацыі Алена Анісім.

Паводле яе слоў, асноўная завінавачанасць ТБМ перад арандадаўцам складае 15 тыс. рублёў, пеня за нявыплату — 5 тыс. рублёў. Доўг утварыўся цягам паловы 2020 года і пяці месяцаў 2021-га.

„Як толькі здарылася пандэмія каронавіруса, мы вымушаныя былі ўсе мерапрыемствы ў нашай сядзібе адмяніць, — сказала Анісім. — У мінулым годзе практычна нічога не праводзілася — ні курсы польскай, ані курсы ўкраінскай мовы, бо людзі катастрафічна баяліся збірацца. Таму, адпаведна, колькасць ахвяраванняў адразу рэзка ўпала. Нейкім чынам мы спрабавалі гэтую сітуацыю вырашыць іншым спосабам, шукалі выйсце ўвесь мінулы год і пачатак гэтага года, нейкае фінансаванне, але паўсюль нам адмовілі ў падтрымцы. Апрача таго, у нас шмат людзей — актыўныя сябры ТБМ, якія грошы збіралі і самі ахвяравалі, — пайшлі з жыцця. Таму ў нас атрымалася вялікая запазычанасць”.

14 мая, як сказала кіраўніца ТБМ, у сядзібу арганізацыі прыйшлі прадстаўнікі „Мінскіх гарадскіх інтэрнатаў” і паведамілі, што вырашана патрабаваць ад усіх арандатараў тэрміновай выплаты завінавачанасцяў. Аргументы, што ТБМ не з’яўляецца гаспадарчай арганізацыяй і не мае сталых даходаў, на пазіцыю прадстаўнікоў прадпрыемства не паўплывалі.

„Акрамя ўсяго, яны патрапілі, калі ў нас праходзілі заняткі па беларускай мове для школьнікаў, іх гэта зачапіла, — заявіла Анісім. — Ім спрабавалі патлумачыць, што курсы для школьнікаў — гэта нашая статутная дзейнасць. Яны нічога не сталі слухаць, пачалі крычаць, што яшчэ будуць падымаць дамовы і глядзець, маўляў, „вы не мэтава выкарыстоўваеце арандаваныя памяшканні. Упершыню такая сітуацыя. Мы зразумелі, што на арганізацыю зараз ідзе пэўны накат. Гэта, відавочна, не проста так”.

Паводле слоў старшыні арганізацыі, сёлета, бліжэй да канца лета, заканчваецца тэрмін арэнды памяшкання сядзібай ТБМ. Яна падазрае, што, „хутчэй за ўсё, у далейшай арэндзе адмовяць”.

Анісім адзначыла, што ТБМ раней спрабавала шукаць іншае памяшканне для сваёй сядзібы, але беспаспяхова. „Нічога раўназначнага мы знайсці не змаглі — кошты за арэнду зараз дастаткова сур’ёзныя, — патлумачыла яна. — Для грамадскай арганізацыі, якая не мае аніякай падтрымкі звонку, гэта складана. Гэтак жа, як складана і атрымаць такую падтрымку звонку. На жаль, Таварыства беларускай мовы не можа пахваліцца тым, што да нас прыхільна ставяцца нейкія знешнія гульцы”.

Юрыдычны адрас ТБМ ужо больш за 30 гадоў замацаваны за памяшканнем на вул. Румянцава, 13. Высяленне будзе азначаць, што арганізацыя будзе вымушаная шукаць сабе новае памяшканне з юрыдычным адрасам, бо ў адваротным выпадку яна можа быць ліквідаваная.

Кіраўніца арганізацыі паведаміла, што ТБМ можа звярнуцца з просьбай аб дапамозе да бізнесоўцаў, але „папярэдні досвед паказвае, што ні банкі, ні іншыя структуры, на жаль, не дапамагаюць і не падтрымліваюць”. „Пакуль што мы звярнуліся да людзей. <…> Уся сума, якая будзе атрыманая, будзе пералічаная на пагашэнне запазычанасці”, — падкрэсліла яна.

belapan.by