Аргкамітэт „Чарнобыльскага шляху” збірае подпісы за маршрут акцыі



“Не Астравецкай АЭС” і “Астравец – другі Чарнобыль”. Такімі будуць адны з галоўных лозунгаў “Чарнобыльскага шляху” ў гэтым годзе. На думку аргкамітэту па правядзенні шэсця, Астравец пагражае будучыні Беларусі.

Арганізатары ўжо афіцыйна падалі заяўку, але гарантыі таго, што акцыя будзе дазволеная ўладамі, няма, кажа адзін з сябраў аргкамітэту па правядзенні “Чарнобыльскага шляху” Павел Севярынец:

– Практыка паказвае, што сённяшнія афіцыйныя ўлады могуць зусім не адказаць на заяўку, зрабіўшы выгляд, што яе згубілі, напрыклад. Могуць адказаць на яе ў апошні момант. Могуць даць абсалютна непрыдатнае месца, напрыклад, плошчу Бангалор. Таму мы ўжо зараз пачынаем інфармаваць пра тое, што пададзена наша заяўка і пачынаем збіраць подпісы людзей у падтрымку гэтай заявы. Мы рыхтуем мірны „Чарнобыльскі шлях”, у першую чаргу прысвечаны спыненню будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Сябры аргкамітэту зацвердзілі таксама праект рэзалюцыі, якую мяркуецца прыняць 26 красавіка. Акрамя таго, аргкамітэт абвясціў збор подпісаў пад зваротам да Менгарвыканкаму з патрабаваннем зацвердзіць той маршрут “Чарнобыльскага шляху”, які пазначаны ў пададзенай заяўцы на правядзенне акцыі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск