Аршанскія даследчыкі сталінскіх рэпрэсій пачалі супрацу з літоўскім цэнтрам «Тускулена»



Вядомы літоўскі музей «Тускулена» створаны непасрэдна ва ўрочышчы, дзе знайшлі парэшткі расстраляных людзей. Пры ім быў створаны даследчы цэнтр, які займаецца пошукам усіх, хто пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсій.

Актывісты з Воршы, якія займаюцца даследаваннем сталінскіх рэпрэсій у двух месцах масавых расстрэлаў у Харкаўскім лесе і на Кабыляцкай гары, будуць пераймаць вопыт сваіх літоўскіх калег. Напрыклад, даследчыкі з «Тускулены» выпрацавалі методыку пошуку масавых пахаванняў без археалагічных даследаванняў.

У чым яшчэ будзе палягаць супрацоўніцтва, распавядае актывіст кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Паліна Сцепаненка:

— «Тускулены» — гэта была закрытая тэрыторыя,  і там мы пазнаёміліся з супрацоўнікамі гэтага цэнтра, які вельмі прафесійна займаецца і  ідэнтыфікацыяй парэшткаў расстраляных, і працай са сваякамі. Гэта павінна стаць узорам і для беларускіх калег ва ўсіх рэгіёнах, бо там ёсць распрацаваныя методыкі, ёсць шмат спецыялістаў. Гэтым займаюцца на дзяржаўным узроўні.

Група даследчыкаў з Воршы ўжо наведала «Тускулену», а праз некаторы час адправіцца туды зноў. Сітуацыя з даследаваннямі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі ўскладняецца тым, што ўлады, хоць і прызнаюць іх, тым не менш спрабуюць выдаць расстраляных у Харкаўскім лесе за ахвяраў немцаў, пры тым, што ўсе сведчанні гавораць пра адваротнае – расстрэлы праводзілі менавіта савецкія ўлады.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя