Аршанскія краязнаўцы плануюць звярнуцца ў пракуратуру



Навуковая канферэнцыя, прысвечаная Базыльянскаму кляштару ў Воршы сустрэла супраціў мясцовай улады. Намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Алег Смірноўскі даслаў актывістам ліст, у якім было напісана пра “немэтазгоднасць” правядзення сустрэчы, а бібліятэка, якая першапачаткова пагадзілася прадставіць памяшканне для канферэнцыі, пасля ціску мясцовых чыноўнікаў адмовілася ад сваіх намераў.

Адна з арганізатараў навуковай канферэнцыі Таццяна Вароніна падазрае, што ўлады адмовіліся прадставіць памяшканне з-за спісу ўдзельнікаў, сярод якіх, напрыклад, вядомы змагар за аднаўленне Базыльянскага кляштара мастак Мікола Купава. Цяпер краязнаўцы рыхтуюць зварот у пракуратуру на дзеянні аршанскіх чыноўнікаў.

— Калі нам сказалі, што калі ласка, можна і раптам такое напісаць. Гэта яўная няпраўда. Як можна вырашыць мэтазгодная ці не пабываўшы на гэтай канферэнцыі. А вось мы лічым, што гэта мэтазгодна. І гэты ліст мы аднясем у пракуратуру. Бібліятэка — гэта не прыватная ўласнасць Смірноўскага і яму падобных.

Навуковая канферэнцыя, дзе гісторыя і сучаснасць будынка Базыльянскага кляштара ў Воршы гучала асноўнай тэмай, усё ж адбылася. Яе прыняла канферэнц-зала гатэля «Ворша». Арганізатары падкрэсліваюць, што ў адрозненні ад уладаў не дзялілі і не збіраюцца падзяляць гісторыкаў на «сваіх» і «чужых».

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша