Аршанцы супраць гандлёвага цэнтру, які закрые сабой помнік архітэктуры
Гаворка вядзецца пра будынак кляштара трынітарыяў – помнік архітэктуры 18 стагоддзя, у якім цяпер месціцца гарадскі ЗАГС. У лістападзе гараджан запрасілі на абмеркаванне праекта гандлёвага цэнтра, які прапануюць прыбудаваць да невялічкай крамы на 1-м паверсе жылога дома. Паводле дакументаў, праектам прадугледжана “рэстаўрацыя”, але ў выніку мае з’явіцца цэлы гмах плошчай 400 квадратных метраў, які загародзіць сабой архітэктурны помнік. Гэты праект увогуле быў зроблены без уліку ахоўнай зоны, якая мусіць быць вакол гістарычных будынкаў.
Яе распрацоўваюць толькі цяпер, і вынік можа быць несуцяшальны, кажа краязнаўца Віктар Міхасёў:
– Хто вызначае гэтыя нарматывы? Іх будзе вызначаць праектант на падставе невядомых нам даследаванняў. Якіх? Мы не ведаем. Бо няма публічнасці ў гэтай справе. І яны насамрэч могуць пазначыць такую ахоўную зону, якую яны захочуць. І калі ў праекце будзе закладзена ахоўная зона памерам 8 метраў, то яны спакойна змогуць узводзіць будынак!
Мяркуючы па выстаўленым на грамадскае абмеркаванне праекце, адлегласць ад помніка архітэктуры да запраектаванага будынка – усяго ад 5 да 8 метраў. Калі гараджане пачалі выказвацца супраць будаўніцтва, раённыя ўлады абвясцілі, што грамадскае абмеркаванне не адбылося, і будзе праведзена пасля ўдакладнення памераў ахоўнай зоны. Да таго часу Віктар Міхасёў прапануе дасылаць лісты ў Міністэрства культуры, каб давесці немэтазгоднасць сучаснай пабудовы ў гістарычным цэнтры. А таксама патрабаваць праверкі законнасці выдзялення ўчастка пад будаўніцтва ў цэнтральнай частцы Воршы, дзе кадастравы кошт зямлі – самы высокі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
