Артыста Дзмітрыя Куксу пасадзілі на 15 сутак



Артыста беларускага ансамбля 33-гадовага Дзмітрыя Куксу затрымалі 6 жніўня. На момант пачатку судовага паседжання 9 жніўня ў Дзмітрыя ўжо скончыўся 72-гадзінны тэрмін з моманту затрымання, але суддзя не звярнула на гэта ўвагі, піша «Вясна».

Справу артыста разглядала суддзя Фрунзенскага раёна Юлія Чыж.

У Фрунзенскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП «за адмову адчыніць дзверы ў жылое памяшканне для правядзення ператрусу». Але Дзмітрый сцвярджае, што яго затрымалі на вуліцы каля метро «Спартыўная», заламалі рукі, надзелі адразу кайданкі, а ўжо потым адвезлі для ператрусу. Там, па словах мужчыны, яны самастойна яго ключамі адчынілі дзверы, пакуль сам Кукса быў у кайданках.

У выніку, суддзя Чыж пакарала артыста 15-сутачным арыштам.