Асаблівыя дзеці – асаблівыя мары



У кожнага з нас свой шлях да мары. Падчас – няпросты! Між тым ёсць людзі, якія ўмеюць працаваць у камандзе і дапамагаюць ажыццявіць мары іншым… З журналістам і валанцёрам Ганнай Пяткевіч размаўляем пра незвычайных дзяцей і іх мары.

РР: Ганна, як з’явілася ідэая праекта “Рэдкія мары”? Што стала штуршком?

Ганна Пяткевіч: Напэўна, усё ў жыцці невыпадкова. Дабрачыннасцю я цікаўлюся са школьных гадоў. У студэнцтве ўсё гэта трохі гіпербалізавалася, але без яснага ўсведамлення, чаго я хачу і куды іду… Гэта быў той час, калі ў нашай краіне толькі пачыналі задумвацца пра сацыяльную адаптацыю асаблівых людзей. Я вучылася на журфаку БДУ і асноўнымі тэмамі маіх публікацый і рэпартажаў сталі сацыяльная праблематыка і культура.

Потым у наша жыццё актыўна ўвайшлі сацыяльныя сеткі, дзе і цяпер актыўна ствараюцца розныя групы ў дапамогу дзіцячым дамам, дамам-інтэрнатам, абсалютна розным людзям, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі… Я даволі актыўна далучалася да гэтых групаў і спрабавала дапамагчы. У першую чаргу – журналісцкімі публікацыямі. Яшчэ год 10 таму тэма дабрачыннасці толькі зрэдку гучала ў СМІ. Цяпер людзі “наеліся” заклікаў дапамагчы і сталі чарсцвець. Чарговы матэрыял з просьбай бацькоў хворага дзіцяці пра ратунак выклікае негатыў і адштурхоўвае замест імкнення дзейнічаць, дапамагаць, як у пачатку 2000-х. На жаль, я ў тэме і нават дыплом магістра абараніла пра вобраз дабрачыннасці ў беларускім грамадстве…

РР: Тэма не адпускае?

Ганна Пяткевіч: Так, і дзякуючы сацыяльным сеткам у маім жыцці з’яўляюцца неабыякавыя людзі, якія спрабуюць дапамагчы, шукаюць новы “фармат” дапамогі. Нашаму праекту “Рэдкія мары” каля двух год. Не магу назваць пункт адліку канкрэтна гэтага праекта, але абяцаю падумаць… Пару сезонаў таму ў рамках Belarus Fashion Week kid’s fashion days быў рэалізаваны першы ў Беларусі інклюзіўны паказ мод. Арганізатарам ды ідэйным натхняльнікам сталі каманда BFW і “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Мне пашчасціла быць у камандзе арганізатараў.

Модны паказ ставілі па творы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”. Усе ролі былі размеркаваныя – заставалася вольнай роля Ружы. І тут я ўбачыла ў сацыяльных сетках відэа з танцам маленькай дзяўчынкі Кіры Ламейкі. Прапанавала яе на ролю – усе пагадзіліся. Так я пазнаёмілася з “крышталёвай” дзяўчынкай, якую цяпер ужо вельмі добра ведаюць у нашай краіне. У Кіры складанае генетычнае захворванне – недасканалы остэагенэз, ломкасць костак. І дзяўчынка, і яе бацькі мужна змагаюцца з захворваннем.

РР: Кіра выйшла на сцэну ў ролі Ружы і…

Ганна Пяткевіч: І напрыканцы моднага паказу Кіруша сказала: “Любіць – гэта не азначае глядзець адно на аднаго, гэта азначае – глядзець у адным накірунку”. Пасля завяршэння моднага шоў у закуліссі яна абняла мяне і падзякавала за ажыццяўленне мары – пабыць мадэллю на сапраўдным подыўме… Думаю, гэта мара многіх дзяўчынак! Проста для Кіры яе ажыццяўленне было больш складаным. Магчыма, гэта і падштурхнула мяне прыдумаць праект “Рэдкія мары”.

РР: Ведаю, што вы працягваеце сяброўства з Кірай…

Ганна Пяткевіч: Так, мы пасябравалі. Часта бачымся і нават танцуем разам! Я даўно захапляюся індыйскімі танцамі і з’яўляюся ўдзельніцай ансамбля “Сапна”, які вясной мінулага года адзначыў сваё 15-годдзе вялікім канцэртам у ДК Прафсаюзаў. Я запрасіла Кіру на шоў і яна з захапленнем танчыла на руках у сваёй мамы. І мы вырашылі потым зрабіць сумесны нумар, танец. Кіраўнік ансамбля Алена Сіпач і увесь калектыў нас падтрымалі, разам з іншай салісткай “Сапны” Ганнай Курынавай мы рэпетыравалі дома ў Кіры.

Не было ніякіх зніжак на ўзрост ці хваробу! Не гледзячы на тое, што ў той час дзіця як раз зламала ручку (гэта быў 22-гі пералом у яе жыцці!) і развучвала танец у гіпсе… Зазвычай калектыў развучвае новы танец каля трох месяцаў, а наша маленькая зорка здолела зрабіць гэта за тры тыдні! Прэм’ера адбылася на сцэне каля менскай Ратушы падчас святкавання Дзён Індыі ў Рэспубліцы Беларусь у жніўні 2017 года.

Гэта была ўжо другая мара мужнай дзяўчынкі, якую я дапамагла ажыццявіць – і я зразумела, што хачу і магу дапамагаць іншым прыйсці да сваёй мары. Магу дапамагчы ажыццявіць “рэдкія мары”… Але не здолею зрабіць гэта адна, самастойна.  Паспрабавала паўдзельнічаць у конкурсе сацыяльных праектаў, прыцягнуць цікавасць грамадскасці… На жаль, не атрымалася: журы не палічыла праект важным. У топ 10 увайшлі іншыя ідэі… Напрыклад, развіццё кулінарыі для сабак.

Час ішоў, з’яўляліся новыя героі, але дапамогі ў ажыццяўленні канкрэтнай мары я знайсці не магла… Пакуль не пазнаёмілася з дабрачынным дзяцячым фондам “Белы бусел”.

РР: Бусел узяў пад крыло…   

Ганна Пяткевіч: Насамрэч. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца! Мы не плануем дарыць дзецям з інваліднасцю планшэты, ноўтбукі або нейкія крутыя спартовыя прылады. Нашы мары зусім не матэрыяльныя: сустрэча з таленавітым чалавекам, танец, песня, экскурсія… Але іх каштоўнасць не змяншаецца. Такія мары дапамагаюць жыць… А мы шукаем новых герояў і будзем рады новым знаёмствам і новым людзям!  

РР: Пад канец размовы не магу не запытаць пра тваю мару…

Ганна Пяткевіч: Я займаюся танцамі з шасці год і ўжо шэсць год – індыйскімі, а па другой адукацыя – рэжысёр… Было б вельмі здорава трапіць на здымкі нейкай кінастужкі ў Балівудзе!

Дар’я Ліс для Радыё Рацыя

Фота прадастаўлены Ганнай Пяткевіч