Аштрафаваны яшчэ адзін праціўнік завода АКБ у Берасці



У Берасці суд аштрафаваў яшчэ аднаго ўдзельніка шэсця праціўнікаў акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, 29 красавіка судом Ленінскага раёна Уладзіслаў Абрамовіч быў прызнаны вінаватым па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваны на 10 базавых велічынь (255 рублёў) за ўдзел у шэсці праціўнікаў акумулятарнага завода па цэнтральных вуліцах горада 7 красавіка.

„Яшчэ да пачатку разгляду справы ў судзе пытанне аб вінаватасці актывіста было вырашана. Паводле слоў Абрамовіча, ён бачыў падрыхтаваную пастанову ў суддзі, куды той упісаў толькі памер штрафу. Гэта адмова ў правасуддзі”, — заявіў праваабаронца.

Нагадаем, 15, 24, 25 і 26 красавіка гэтым жа судом былі аштрафаваныя па арт. 23.34 КаАП 14 актывістаў: дзевяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, чацвёра — за ўдзел у аналагічным шэсці 14 красавіка, адна актывістка — за раздачу жоўтых надзіманых шароў 31 сакавіка на плошчы Леніна.

7 і 14 красавіка грамадзяне чарговы раз сабраліся на плошчы Леніна. Затым яны прайшлі па цэнтральных вуліцах Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспекце Машэрава. Удзельнікі шэсця скандавалі „Не заводу!”.

Плануецца, што 30 красавіка суд Ленінскага раёна Берасця будзе разглядаць адміністрацыйную справу яшчэ аднаго актывіста.

БелаПАН

[manual_related_posts]