Аўтамабіль як знак пратэсту ў Менску
Ва ўмовах поўнай блакіроўкі працы беларускага інтэрнэту і недаверу да хады падліку галасоў у сталіцы нарадзіўся новы знак пратэсту і салідарнасці.
Перадае наш карэспандэнт Вольга Сямашка:
З дзявятай вечара дня выбараў і да трэцяй раніцы 10 жніўня не спыняўся аўтамабільны рух у Менску, як знак супраціву і салідарнасці гараджан міжсобку. Паколькі галоўная пагроза пасля выбараў ад „сілавікоў” сыходзіла для пешаходаў, то кіроўцы выпалі з полю зроку органаў і займелі сваё поле для выказвання ўласнай пазіцыі ў любы зручны для іх час. Ужо ўвечары 9 жніўня ўвесь цэнтральны праспект Менску быў перакрыты пастамі ДАІ. Але гэта не перашкодзіла аўтамабілістам ездзіць па суседніх вуліцах і падтрымліваць аўтамабільнымі сігналамі калегаў ды мінакоў, якія таксама выйшлі з белымі бранзалетамі на начны шпацыр. Супрацоўнікі ДАІ, якія назіралі «дыялог» аўтамабіляў і мінакоў, у працэс не ўмешваліся. Відавочна разгубілася і калона спецыяльнага транспарту, выстаўленая для падаўлення беспарадкаў ля парку Горкага. Начны Менск запаланілі гукі пратэсту ад аўтамабілістаў.
Беларускае Радыё Рацыя
